Актуальная тема: “Сёння аптэкі забяспечаны ўсім неабходным”

Інфармуе намеснік загадчыцы Кобрынскай цэнтральнай раённай аптэкі №168 Брэсцкага ГВРУП “Фармацыя” Святлана Невар.

Святлана Іванаўна, як вы можаце ацаніць агульную сітуацыю з забеспячэннем медыкаментамі нашых дзяржаўных аптэк?

— Сёння становішча ў аптэках стабільнае. Асартымент лекавых прэпаратаў шырокі і пастаянна папаўняецца. Напрыклад, толькі ў адной нашай цэнтральнай аптэцы ёсць каля 3000 пазіцый розных прэпаратаў. Прычым, як правіла, асобныя групы медыкаментаў прадстаўлены цэлай лінейкай прэпаратаў.

Якая ўдзельная вага ў агульнай колькасці нашых айчынных медыкаментаў?

— Беларускія прэпараты складаюць каля 35-36% ад агульнай колькасці. Яны даступныя ўсім, а іх якасць ні чым не горшая ад замежных аналагаў. Увогуле, існуе пэўны пералік шэрагу прэпаратаў беларускай і расійскай вытворчасці, якія павінны заўсёды прысутнічаць у аптэчным асартыменце – і мы яго строга прытрымліваемся.

А якім аддаюць перавагу кліенты?

— Перш-наперш, вялікае значэнне мае рэкамендацыя ўрача. А потым, калі, скажам, не задавальняе вялікі кошт, нашы правізары могуць рэкамендаваць іншы, больш танны аналаг. Сёння даводзіцца часта зыходзіць з фінансавых магчымасцяў кліентаў. У апошні час значна ўзрос попыт на прадукцыю такіх нашых вытворцаў, як Барысаўскі завод медпрэпаратаў, “Белмедпрэпараты”, Драгічынскі РУП “Экзон”. Дарэчы, з прадукцыі апошняга сёння добра рэалізуюцца аскарбінавая кіслата з рознымі смакавымі дабаўкамі, а таксама БАДы (біялагічна актыўныя дабаўкі): гематагены, сіропы, што выпускаюцца на мясцовай расліннай аснове з  выкарыстаннем шыпшыны, журавін, чарніц. Добра зарэкамендавалі сябе прэпараты гэтага ж вытворцы на аснове фруктозы, што асабліва карысна для хворых на дыябэт.

Ці маюць месца выпадкі, калі таго ці іншага прэпарата, выпісанага па рэцэпту ўрача, няма ў наяўнасці?

— Так, іншым разам падобнае здараецца. У такой сітуацыі аператыўна звязваемся з аддзелам забеспячэння, удакладняем, ці ёсць магчымасць зрабіць хуткую пастаўку. Калі такой магчымасці няма, тады пытанне вырашаецца з урачом: ці можна замяніць прэпарат на іншы? Нарэшце, трымаем сувязь з аптэкамі Брэста, Мінска – у наш час хутка знайсці неабходнае не так складана. Таму затрымка, калі і бывае, то не надта вялікая.

Ці моцна паўплываў рост курсу долара на кошт лекаў?

— На айчынныя – не вельмі. Што датычыць замежных, то тут тэндэнцыя росту непасрэдна залежыць ад курсу долара.

А ці не кінуліся людзі, як тое было, скажам, з цукрам, крупамі, рознымі прамысловымі таварамі, у маі-чэрвені, набываць “у запас” медыкаменты?

— Магу сказаць адназначна: не. І хоць некаторае напружанне адчувалася ў чэрвені, а Мінздраў у апошні час узмацніў увагу за строгім выкананнем правілаў і норм водпуску лекавых прэпаратаў, сёння ў аптэках сітуацыя спакойная. Кліенты пераважна набываюць толькі тое, што неабходна, а работнікі аптэк працуюць у звычайным рабочым рэжыме. Ды і ўвогуле лекі – не той тавар, які варта набываць у запас.

Падрыхтаваў Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *