П’янству — бой! Цэнтр горада без віннага перагару

На жаль, праблема п’янства і яго сумных наступстваў застаецца для Кобрыншчыны даволі вострай і балючай. Так, згодна з вынікамі сямі месяцаў бягучага года 69 злачынстваў з 494-х на тэрыторыі горада і раёна здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. За гэты час у РАУС паступіла 1045 заяў аб сямейных канфліктах, і, як правіла, усе сваркі былі на глебе алкаголю. З пачатку года было выяўлена больш як 2 тысячы фактаў з’яўлення грамадзян у грамадскіх месцах у п’яным выглядзе, у тым ліку 48 – сярод непаўналетніх. Практычна не было дня, как пуставаў гарадскі медвыцвярэзнік: сюды было змешчана больш як 1200 чалавек, з якіх 50 – жанчыны. Ад п’янства пакутуюць як дарослыя, так і іх дзеці.

А між тым, толькі за 4 месяцы на тэрыторыі Кобрынскага раёна продаж розных відаў алкагольнай прадукцыі павялічыўся ад 8,7% да 75,1% — у залежнасці ад гатункаў і мацунку спіртных напояў.  Усяго ж за гэты перыяд насельніцтвам Кобрыншчыны ў рознічным гандлі было набыта 1608 тон 166 літраў спіртных напояў (у 2010 – 1469 тон 829 літраў) – прыблізна на 139 тон больш, чым летась.  Пры грубым падліку бачна: штомесячна кожны жыхар раёна, уключаючы  малых і старых, выпівае 4,5 літра спіртнога. І гэта яшчэ не дакладная лічба, бо, акрамя рознічнага гандлю, існуюць іншыя віды легальнага звароту алкагольнай прадукцыі, а таксама нелегальнага.

Часта пры праверцы фактаў гібелі людзей ад алкаголю высвятляецца, што напярэдадні смерці яны ўжывалі танныя пладова-ягадныя віны. Між тым, у рознічнай сетцы Кобрынскага раёна штомесячна прадаецца 92 тоны гэтай прадукцыі.

Супрацоўнікамі праваахоўных органаў праводзіцца шэраг комплексных мерапрыемстваў з мэтай выкаранення прычын і ўмоў, якія вядуць да гібелі грамадзян ад атручвання алкаголем. Нядаўна Кобрынскі РАУС унёс на разгляд раённых улад прапанову зрабіць тэрыторыю “без чарніл” у цэнтры горада. А менавіта – забараніць продаж танных пладова-ягадных він у магазінах ААТ “ГП “Надзея” №10 (Пушкіна, 14), “Візіт” (Пушкіна, 1) і ў магазіне №5 ААТ “Кобрын-Сэрвіс”, што дазволіла б ачысціць цэнтр горада ад грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і пастаянна збіраюцца ля магазінаў.

На жаль, ідэя РАУС пакуль не знайшла падтрымкі ў райвыканкаме, дзе адмову абгрунтавалі чыста эканамічнымі прычынамі. Хоць сёння такія зоны ўжо створаны і паспяхова дзейнічаюць у многіх гарадах вобласці. А, напрыклад, у Драгічыне і ўвогуле ўведзена забарона прадаваць таннае “чарніла” ва ўсім горадзе.

Дык няўжо ў Кобрыне выпівохі будуць адчуваць сябе па-ранейшаму вольна і бесклапотна, а градус правапарушэнняў на глебе алкаголю будзе заставацца высокім?..

Рыгор КАРАСЮК,

намеснік начальніка Кобрынскага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *