Вянок Радзімы васілька

Разважаць пра тое,  як не парваць нітку, якая сплятае ў адзінае цэлае мінулае, сучаснасць і будучае, як выхаваць  падрастаючае пакаленне на слаўных традыцыях продкаў, якія залажылі фундамент беларускай народнасці, яе каларыт і адметнасць, можна бясконца, як і шукаць вінаватых у адыходжанні дзяцей ад сваіх каранёў. У СШ №9 г. Кобрына выбралі свой шлях далучэння вучняў да вытокаў беларускай нацыянальнай культуры.

 Гадоў восем назад, калі ў школе ўпершыню ўзнікла ідэя правесці цыкл мерапрыемстваў “Беларускі вянок”, аб’яднаных агульнай тэматыкай, у шырокага рэзанансу і зацікаўленасці, якая перарасце ў добрую традыцыю, не чакалі, заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Марчук. Але з цягам часу дзеці захапіліся і зараз амаль што не з самага пачатку новага навучальнага года жывуць думкамі, якую імпрэзу падрыхтуюць да чарговага свята беларускага фальклору. У вялікае дзейства, якое працягваецца тыдзень, уцягнута ўся школа, вучні з 1-га па 11-ты клас, іх бацькі, бабулі і дзядулі. Выбіраючы са сваім класным кіраўніком пэўны абрад ці свята, якое існуе ў традыцыях беларускага народа, вучні арыентуюцца на свой узрост. Самыя маленькія аддаюць перавагу казкам, калыханкам і забаўлянкам, сярэдняе звяно ахвотна бярэцца за тэатралізаваныя пастаноўкі Вялікадня, Радаўніцы, Калядаў, старэйшыя ўжо здольны выступіць у ролі экскурсаводаў і правесці слухачоў  цікавымі шляхамі-старонкамі гісторыі беларускага народа… Не губляе інтарэс у вучняў “Беларускі вянок” яшчэ і таму, што, пасталеўшы, яны на наступны год ужо мяняюцца ролямі з малодшымі. У выніку атрымліваецца, што кожны клас праходзіць своеасаблівы круг, на працягу якога дакранаецца амаль што не да ўсіх самых значных фальклорных традыцый свайго народа.

Атмасфера, якая панавала ў школе яшчэ да пачатку імпрэзы, што стала працягам  у шэрагу мерапрыемстваў, якія праходзілі з 22 па 25 студзеня і на якой мне пашчасціла прысутнічаць, настройвала на сустрэчу з нечым неверагодным і чароўным. І стваралі яе самі вучні. Дзяўчаты ў вышытых сукенках з вяночкамі на галовах і юнакі ў даматканых льняных сарочках і лапцях прытанцоўвалі яшчэ ў фае, а духмяны водар бліноў, якія паспяшалі пакласці ў імправізаваную печ маладзенькія гаспадыні, яшчэ доўга заставаўся на калідоры  – быццам вабіў-клікаў хутчэй усіх у вялікую залу, дзе з хвіліны на хвіліну павінна было распачацца свята…

І вось яно… дзейства.  Дзяўчаты старанна апускаюць вянкі ў імправізаваную рэчку — быццам, як і нашы далёкія продкі, вераць у тое, што як паплыве вянок, такая і доля дзявочая будзе. Колькі таямніц хавае ў сабе купальская ночка, колькі традыцый звязана з гэтым святам, якая загадкавая і багатая душа ў беларускага народа, здольнага весяліцца-адпачываць, праз песню раскрываць сваю душу, а праз спраўную стваральную працу даказваць сваю сілу і мужнасць. Толькі ўжыванне ў вобраз дае магчымасць зліцца з душамі продкаў, каб зразумець і ацаніць багатую спадчыну свайго народа, навучыцца яе цаніць і берагчы.

Залу я пакідала з адчуваннем салодкага смаку спасаўскага яблыка на вуснах і масленічнага бліна, светлым пачуццём, што вясна не за гарамі, бо як заўважылі яшчэ нашы далёкія продкі, чым мацней гучаць песні-вяснянкі, тым хутчэй яна пастукае ў дзверы.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: свята “Беларускі вянок”.