“Свабодны рух”: дубль два!

У мінулую суботу кінатэатр “Радуга” і тэрыторыя вакол яго ператварыліся ў сапраўдны міні-гарадок, дзе ўжо другі раз сабраліся прыхільнікі субкультур, каб прадэманстраваць свае здольнасці і таленты ў фестывалі маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух”. Гэта захапляючае мерапрыемства рыхтавалі лідары Кобрынскага РК ГА “БРСМ” і раённая кінавідэасетка. Надзейнымі партнёрамі выступілі аддзелы па справах моладзі райвыканкама і аблвыканкама, Брэсцкі АК ГА “БРСМ”, мясцовы аддзел культуры, Кобрынскі аквапарк, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі Лявіцкія.

Як нам паведаміла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун,  сёлета да гэтага праекта далучыліся больш як сто ўдзельнікаў не толькі з Кобрына, але і з Мінска, Брэста, Пінска, Івацэвічаў, Баранавічаў, а таксама госці “Свабоднага руху” – сталічныя рэперы з каманды “911”.

Першымі спаборніцтвы пачалі аматары графіці, якія за лічаныя хвіліны на вуліцы размалявалі балончыкамі вялікія драўляныя шчыты. На пляцоўцы “СтарТынэйджар” спаборнічалі ролеры, скейтары і паркуршчыкі. Відовішчныя трукі гэтых юнакоў і дзяўчат выклікалі хвалю эмоцый у шматлікіх гледачоў. Асабліва захапіла самая масавая пляцоўка — “Сіла двух”, дзе выступалі чытальнікі  рэпа і выканаўцы элементаў фрыстайла.

Сёлета арганізатары паставілі перад танцорамі ўмову – кожны павінен быць аматарам і займацца фрыстайлам не больш як 2 гады. На пляцоўцы “Music” дэманстравалі сваё майстэрства артысты эстрады. У перапынках з паказальнай праграмай выступілі каратысты пад кіраўніцтвам сэнсэя Уладзіміра Корзубава.

Вечарам былі падведзены вынікі фестывалю “Свабодны рух”. Прыемна, што сярод лепшых вызначаны і кабрынчане. У намінацыі “Лепшы рэп-выканаўца” перамог мясцовы калектыў “Сatchy do is shoulder”, кобрынская каманда “Косма-старс” заняла трэцяе месца. Прыз сімпатый гледачоў заваявалі нашы землякі з гурта “Бодзік і Дэміо”. Другое і трэцяе месцы на пляцоўцы “СтарТынэйджар” заваявалі прыхільнікі экстрэмальнага спорту кабрынчане Дзмітрый Лісковіч і Андрэй Базылюк. Таксама быў адзначаны самы юны ўдзельнік – Андрэй Казловіч. “Бронза” ў дысцыпліне “Music” дасталася Сяргею Шышко, а прыз сімпатый гледачоў па праву заслужыла Юліянія Швед. Завяршыўся “Свабодны рух” гала-канцэртам і феерверкам.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *