Кіселявецкай школе – 70!

Якіх бы вышынь не дасягалі ў жыцці, усе мы выйшлі са школы, дзе навучыліся самаму галоўнаму – быць людзьмі, годнымі сваёй Айчыны. Дзіцячы сад-сярэдняя школа ў Кісялёўцах адзначыла свой 70-гадовы юбілей.

Гісторыя існавання школы бярэ вытокі з пачатку стагоддзя – заняткі на польскай мове да 1937 года праходзілі ў маёнтку пана Вярбіцкага. Потым некаторы час існавала пачатковая школа з украінскай мовай навучання, якая пазней была спалена партызанамі (падчас вайны там размяшчалася нямецкая камендатура). Сямігадовая школа была адкрыта ў 1949 годзе і размяшчалася ў былым будынку клуба. Ад яе і вядзе адлік гісторыя сучаснай школы. Першым кіраўніком “сямігодкі” стаў Іван Салавейка. Пасля яго школу ўзначальвалі 6 дырэктараў, сярод якіх – Лізавета Хамічэнка, Мікалай Салей, Серафім Сінгалевіч, Канстанцін Олех і сённяшні старшыня Кіселявецкага сельвыканкама Іван Будзько.

— Для настаўніка самае галоўнае – шчасце і поспехі яго вучняў. Гледзячы на вас, нашы паважаныя госці, можна сказаць з упэўненасцю – праца многіх пакаленняў педагогаў школы была плённай, — адзначыла, адкрываючы свята, дырэктар Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Зінкевіч. – Сёння я магу назваць сябе шчаслівым чалавекам – я люблю сваю школу і ганаруся, што нашы дзеці вучацца ў добрых сучасных умовах.

У гэты дзень наведаць школу прыехалі выпускнікі розных гадоў, ветэраны педагагічнай працы, былыя дырэктары, прадстаўнікі ўлады, прафсаюзаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый і ўстаноў адукацыі раёна. Стос узнагарод уручылі педагогам школы старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і начальнік аддзела па адукацыі Галіна Радковіч, якая падкрэсліла, што гэта – аб’ектыўная ацэнка якасці шматгадовай выдатнай работы школы. Як з задавальненнем падкрэсліла Галіна Уладзіміраўна, па выніках 2018 года  менавіта Кіселявецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа стала лепшай па сукупнасці паказчыкаў з устаноў адукацыі сельскай мясцовасці Кобрыншчыны. Сёння школа прымае ўдзел у распрацоўцы 36 праектаў, займае прызавыя месцы на конкурсах рознага ўзроўню і ганарыцца сваімі выпускнікамі, многія з якіх вырашылі звязаць жыццё з роднай установай.

І зусім маладых педагогаў, і дасведчаных педагагічных майстроў, іх вучняў у гэты дзень аб’яднала любоў да роднай школы. Шчыра гучалі віншаванні, а на вачах прысутных прабіваліся слёзы. Выдатным сюрпрызам стала цудоўнае выступленне педагогаў Кіселявецкай дзіцячай школы мастацтваў і вучняў дзіцячага сада-сярэдняй школы, якія на ўласным прыкладзе прадэманстравалі свой талент.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: педагогаў школы віншуюць выпускнікі розных гадоў; традыцыйнае фота на памяць з гасцямі мерапрыемства; на сцэне – педагогі Кіселявецкага дзіцячага садка-сярэдняй школы.