Паэт красы і гармоніі: Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч — гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра — гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён  вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст.  Але перш за ўсё Максім  Багдановіч — арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы  поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыяналынасцю. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры. Ніна Ватацы — вядомая даследчыца жыццёвага і творчага шляху паэта, адзначала: «Максім Багдановіч пражыў усяго 25 гадоў, але  плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе ўсё сапраўды таленавітае  на зямлі».

Да святкавання 120-годдзя з дня нараджэння паэта плануецца аднавіць дом, у якім майстар слова жыў у Мінску; правесці рамонт філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Беларуская  хатка», усталяваць помнік у яго гонар у Гродне, стварыць у Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі залу творцы. Акрамя таго, убачыць свет энцыклапедыя, прысвечаная Максіму Багдановічу, трэцяе факсімільнае перавыданне зборніка вершаў «Вянок», будзе выпушчаны зборнік успамінаў і прысвячэнняў класіку беларускай літарагуры «Пясняр чыстае красы» з серыі «Жыццё  знакамітых людзей Беларусі». На базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдзе навуковая канферэнцыя «Максім Багдановіч у сучасным літаратурным кантэксце». Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў Дзень беларускага пісьменства ажыццявіць прэзентацыю мультымедыйнага выдання «Паэт красы і гармоніі: да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча”, якое ўключыць усю яго творчую спадчыну.

Сярод мерапрыемстваў Кобрынскай цэнтральнай раённай  бібліятэкі — арганізацыя  адкрытага прагляду літаратуры “У вянок Максіму Багдановічу”, які функцыянуе ў чытальнай зале. На праглядзе  прадстаўлены творы Максіма Багдановіча, матэрыял аб жыцці і творчасці паэта, успаміны аб ім, інфармацыя аб асобных напрамках і тэмах творчасці. Выстава змяшчае  кнігі, артыкулы з  газет і часопісаў, біяграфічныя матэрыялы, успаміны, пісьмы, партрэты паэта, фотаздымкі, цытаты з вершаў Максіма Багдановіча, выказванні вядомых людзей аб паэце, бібліяграфічныя выданні.

Прадстаўленыя на выставе крыніцы знаёмяць з паэтычнай творчасцю Максіма Багдановіча, яго грамадзянскай, пейзажнай, інтымнай лірыкай, фальклорнымі матывамі, даюць магчымасць пазнаць паэта як празаіка, крытыка, публіцыста.

Вялікая любоў жыве ў народзе і да паэзіі Максіма Багдановіча, і да яго самога — як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта  і незвычайнае хараство яго лірыкі.

Святлана КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *