Украінска-беларускі праект «Праз вывучэнне культуры суседняга народа — да ўстойлівага партнёрства і ўзаемаразумення» працягвае сваю работу.

На мове культуры

Украінска-беларускі праект «Праз вывучэнне культуры суседняга народа — да ўстойлівага партнёрства і ўзаемаразумення» працягвае сваю работу.

На мінулым тыдні ў Ратна, што ва Украіне, прайшло пасяджэнне па падрыхтоўцы праекта

у межах праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін усходняга партнёрства “Беларусь–Украіна” пры фінансавай падтрымцы ЕС па развіцці прыгранічнага супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Ратнаўскім і Кобрынскім раёнамі да 2022 года. На пасяджэнне была запрошана беларуская дэлегацыя на чале з начальнікам аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеяй Жук.

У беларусаў і ўкраінцаў не толькі агульная культура, але і гісторыя. Дэлегатам перад пасяджэннем была наладжана экскурсія ў гістарычны музей у вёску Картэлісы, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны, як і сотні беларускіх вёсак, была спалена фашыстамі.

Усяго было знішчана 2875 жыхароў, у тым ліку 1620 дзяцей, спалена 715 дамоў. У памяць аб трагедыі на месцы дзвюх вялікіх магіл у 1980 годзе быў адкрыты мемарыял «Ахвярам фашызму», які таксама наведала беларуская дэлегацыя.

У Ратнаўскай раённай бібліятэцы, дзе і праходзіла мерапрыемства,  гасцей сустракала начальнік аддзела культуры Ратнаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Алена Горнік. Яна расказала, што ўяўляе з сябе сістэма культуры Ратнаўскага раёна. Тут працуюць 39 клубных устаноў, 31 бібліятэка, 2 музычныя школы, музей, дзейнічаюць 14 калектываў са званнямі “ўзорны” і “народны”, якія ў тым ліку паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародным фестывалі ўкраінскага фальклору “Берагіня”.

У сістэме культуры Кобрынскага раёна 29 клубных аб’ектаў, 35 бібліятэк, 5 мастацкіх школ, гарадскі парк, музей, Палац культуры і кінатэатр, дзе працуе больш за 600 чалавек. Званне “народны” і “ўзорны” маюць 26 калектываў, а геаграфія выступленняў за апошнія пяць гадоў прадстаўлена Францыяй, Германіяй, Польшчай і іншымі краінамі.

Пасля прадстаўнікі абодвух бакоў абмеркавалі праект плана прыгранічнага супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Ратнаўскім і Кобрынскім раёнамі да 2022 года. Пашырэнне кантактаў і супрацоўніцтва паміж музычнымі калектывамі, прымаць удзел у міжнародных фестывалях і конкурсах, пашырэнне прамых сувязяў паміж бібліятэчнымі ўстановамі, абмен інфармацыяй у галіне народнага мастацтва – гэтыя і іншыя накірункі былі агучаны ў час сустрэчы.

Таксама быў прадэманстраваны відэаролік пра будаўніцтва сельскага Дома культуры ў вёсцы Залісы. У хуткім часе ў адноўленай установе культуры пройдзе канцэртная праграма з удзелам юных артыстаў Кобрыншчыны.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: беларуская дэлегацыя наведвае мемарыял «Ахвярам фашызму»; перад украінскімі калегамі выступае Надзея Жук.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *