Мэта – сям’я без насілля!

Мерапрыемствы, скіраваныя на ўвагу грамадства да праблемы сямейнага насілля, з удзелам прадстаўнікоў шэрагу міжнародных арганізацый прайшлі на Кобрыншчыне. Рэгіён наведалі надзвычайны і паўнамоцны пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Йоханэсан, прадстаўнік Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Алена Касько, намеснік прадстаўніка ЮНІСЕФ у Беларусі Габрыэла Акімава, прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, грамадскіх аб’яднанняў і вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

Пачалася праграма дня ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які мае вялікі вопыт у рабоце як з ахвярамі сямейнага насілля, так і з агрэсарамі. Другім прыпынкам маршруту стаў цэнтр, прыязны падлеткам і моладзі, “Арыенцір”, дзе госці пазнаёміліся з тым, як вядзецца работа па павышэнні псіхалагічнага і рэпрадуктыўнага здароўя маладога пакалення. Завяршыла першую палову дня сустрэча гасцей Кобрыншчыны са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам. Адно з пытанняў, якія знайшлі свой разгляд у час сустрэчы, — магчымасць вывучэння вопыту кобрынчан калегамі з іншых рэгіёнаў.

— Злачынствы ў сям’і – вельмі значная праблема для грамадства, і нават адна такая трагедыя – гэта вялікая бяда, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Падстава эфектыўнай работы па прафілактыцы сямейнага насілля – цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў і ўстаноў. Я задаволены, што гэты механізм на Кобрыншчыне актыўна працуе, што створана зладжаная каманда спецыялістаў. Існуючыя інструменты дазваляюць своечасова выявіць праблему, калі яна ўзнікае, і мінімізаваць магчымыя рызыкі.

Як адзначыла дырэктар Кобрынскага ТЦСАН Наталля Осіпава, з 2013 па 2018 год у цэнтры атрымаў дапамогу 351 грамадзянін, які пацярпеў ад дамашняга насілля, ад ахвяр паступіла 342 інфармаваныя згоды аб перадачы звестак, на падставе якіх будуецца далейшая работа па аказанні дапамогі. Толькі за 10 месяцаў бягучага года паслугай часовага прытулку скарысталіся 66 чалавек, у тым ліку – 25 жанчын і 41 дзіця. Па тэлефоне па праблемах сямейнага насілля звярнуліся 38 чалавек, наладжана групавая і індывідуальная работа з мужчынамі-агрэсарамі.

— Кобрын – унікальны горад з пункту гледжання якасці міжведамаснага узаемадзеяння спецыялістаў, аб’яднаных вырашэннем праблемы дамашняга насілля, — расказвае прадстаўнік Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Алена Касько. – У цэнтр увагі тут ставяцца патрэбы канкрэтнага чалавека, дзіцяці і сям’і, прычым праблемы вырашаюцца своечасова. З пілотнага рэгіёна па рэалізацыі праекта, як гэта было ў 2013 годзе, Кобрыншчына вырасла да ўзроўню лепшай у краіне пляцоўкі.

Сапраўднай кульмінацыяй насычанага дня стала дакументальная п’еса “Сем”, у час якой на сцэне Кобрынскага Палаца культуры ў якасці артыстаў выступілі самі ўдзельнікі круглага стала разам з прадстаўнікамі ўлады, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў Кобрыншчыны. Нягледзячы на тое, што руская мова для некаторых з іх нават не была роднай, непрыдуманыя гісторыі ахвяр насілля з усяго свету, што гучалі са сцэны, стварылі моцны эфект на гледачоў, якія не змаглі стрымаць слёз. Спектакль звягнуў увагу на адну з самых страшных з’яў – сямейнае насілле, пачварны бок нашай рэчаіснасці, для якога проста не павінна быць месца ў сучасным грамадстве.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

ЗДЫМКІ аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *