Урачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню работнікаў культуры, прайшло на Кобрыншчыне

Памнажаючы духоўнае багацце

Гавораць, што культура – гэта мера чалавечнасці ў чалавеку. Кобрынская зямля заўсёды славілася сваими культурнымі дзеячамі і калектывамі, якія даўно заваявалі любоў і прызнанне далёка за яе межамі. Узнагароды лепшым, пашана ветэранам, наказ маладым і шчырая святочная атмасфера – менавіта гэтак прайшло ў кінатэатры “Вясёлка” ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню работнікаў культуры.

Вельмі добра, што на нашай Кобрыншчыне ёсць такія таленавітыя людзі – майстры сцэны, тыя, хто захапляецца кнігай, хто стварае выдатныя месцы для адпачынку, хто вучыць дзяцей у школах мастацтва, хто працуе ў музеях,  — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. —  Яны ствараюць асяроддзе, дзякуючы якому мы робімся больш духоўна дасканалымі і задумваемся аб тым, што зрабіць, каб захаваць гэты свет менавіта такім.

Пад апладысменты прысутных Валянцін Васільевіч уручыў Грамату Кобрынскага райвыканкама дырэктару Кіселявецкай дзіцячай школы мастацтваў Людміле Арабей і Ганаровую грамату Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў дырэктару Дзівінскай дзіцячай школы мастацтваў Святлане Куцэвіч. А святочная атмасфера набірала абароты – на сцэну выходзілі новыя і новыя працаўнікі культурнай нівы Кобрыншчыны, энтузіясты, сапраўдныя творцы і проста нераўнадушныя да сваёй справы людзі.  

— Роўна 20 гадоў таму быў падпісаны ўказ аб заснаванні Дня работнікаў культуры, і гэта – даніна глыбокай павагі тым цудоўным людзям, якія захоўваюць і памнажаюць духоўнае багацце нашай дзяржавы, — падкрэсліла начальнік аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук. – За прафесіяналізмам і лёгкасцю, з якімі нашы таленты выступаюць на гарадскіх, рэспубліканскіх і замежных сцэнах – велізарная штодзённая праца, за якую ўсім гэтым людзям хочацца сказаць шчыры “дзякуй!”.

У гэты дзень цёплыя словы віншаванняў і заслужаныя ўзнагароды знайшлі кіраўнікоў клубаў, педагогаў дзіцячых школ мастацтваў, супрацоўнікаў бібліятэк, выканаўцаў, дзеячаў кінавідэасеткі, маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць свой шлях па жыцці і ветэранаў, якія аддалі развіццю культуры Кобрыншчыны ўсё жыццё. І гэтае развіццё знаходзіць свой працяг у новых цікавых праектах і яркіх ідэях, якія кожны год напаўняюць наша культурнае жыццё новымі яркімі ўражаннямі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: Валянцін Трубчык уручае Грамату Кобрынскага райвыканкама Людміле Арабей; Надзея Жук уручае Пісьмо падзякі аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама дырэктару Кобрынскага РЦДТ Наталлі Белай; фота на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *