Як вядзецца работа па захаванні інфраструктуры і якія змены чакаюць вуліцы горада расказвае Анатоль Якімовіч

Павышаючы якасць жыцця

Вуліцы нашага горада – адно з самых відавочных адлюстраванняў гаспадарлівасці, у тым ліку па іх стане госці Кобрыншчыны ацэньваюць усіх нас. Аб тым, як вядзецца работа па захаванні інфраструктуры і якія змены чакаюць вуліцы горада ў бліжэйшы час, мы спыталі ў начальніка дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Анатолія Якімовіча, які за выдатныя працоўныя дасягненні сёлета быў занесены на раённую Дошку гонару.

У зоне нашай адказнасці – летняе і зімовае ўтрыманне 196 кіламетраў дарожнай сеткі, 125 з якіх складаюць асфальтаваныя дарогі, — расказвае Анатоль Леанідавіч. – Акрамя таго, мы займаемся нанясеннем дарожнай разметкі, устаноўкай дарожных знакаў, утрыманнем мастоў, ліўневай каналізацыі. Усё гэта аказвае значны ўплыў на камфорт кабрынчан, таму кожны супрацоўнік участка адчувае вялікую адказнасць за якасць сваёй работы.

Зараз участак Анатолія Якімовіча займаецца падрыхтоўкай да зімовага перыяду, каб снег і галалёд не сталі для кабрынчан непрыемным сюрпрызам. Назапашана неабходная колькасць пясчана-салянай смесі, укамплектоўваюцца запасы гаруча-змазачных матэрыялаў для тэхнікі, зацвярджаецца месца для сухой звалкі снегу. Як адзначае начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка, усе работы праводзяцца ў планавым рэжыме, і першы снег не павінен прынесці гораду ніякіх нечаканасцяў.

Яшчэ адна з адказных сфер дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка – выдаленне старых дрэў на могілках. У бягучым годзе такія работы запланавана правесці на чатырох могілках у такіх населеных пунктах, як Барысава, Лелікава, Грушава і Дзівін. На барысаўскіх могілках выдаленне ўжо завершана, каля 70% работ выканана ў вёсцы Грушава, каля 20% — у Лелікаве, распачаты работы ў аграгарадку Дзівін, дзе шмат старых і вялікіх дрэў, да многіх з якіх, да таго ж, абмежаваны пад’езд. Але нават у самых цяжкіх выпадках камунальнікі не апускаюць рукі і разам з мясцовымі жыхарамі знаходзяць эфектыўныя шляхі для вырашэння праблем.

Павышаецца якасць вулічна-дарожнай сеткі і ў Кобрыне. Каля аптэкі па вуліцы Дружбы не так даўно з’явілася аўтастаянка, у супрацоўніцтве з Дзяржаўтаінспекцыяй па вуліцы Дзяржынскага была аптымізавана дарожная разметка, а на многіх аўтобусных прыпынках выраслі прыгожыя рознакаляровыя парасоны. Значная работа выконваецца і для веласіпедыстаў, для якіх па праекце ў рамках ініцыятывы Еўрасаюза “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі”  ствараецца веласіпедны маршрут даўжынёй 7,5 кіламетра. Супрацоўнікі дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка зніжаюць бардзюры, наносяць разметку, дзе трэба – пашыраюць тратуары для веласіпедных дарожак, абсталёўваюць велапаркоўкі. На момант нашага візіту было завершана каля 80% работ – новы сезон кобрынскія веласіпедысты сустрэнуць ужо з новай інфраструктурай.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Анатолій Якімовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *