Урачыстасць, прысвечаная святу настаўнікаў, прайшла ў Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў

У першую нядзелю кастрычніка сваё прафесіянальнае свята адзначылі дзеячы адукацыі. Напярэдадні ў Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася раённая ўрачыстасць, прысвечаная гэтаму святу. На святочную імпрэзу сабраліся лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі Кобрыншчыны.

Урачысты настаўніцкі сход адкрыў намеснік старшыні Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Валянцін Трубчык. Ён цёпла павіншаваў ўсіх прысутных з прафесіянальным святам і адзначыў, што педагогам даверана найскладанейшая задача – выхоўваць пакаленне, якому належыць ствараць будучыню, а таксама ўручыў узнагароды настаўнікам, якія найбольш плённа працавалі на ніве адукацыі. Як старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру», Валянцін Трубчык адзначыў працоўныя калектывы, што найбольш актыўна ўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі Фонду міра для падтрымкі тых, хто апынуўся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Ганаровыя граматы Брэсцкага абласнога праўлення ГА“Беларускі фонд міра” і сертыфікаты на суму 100 рублёў атрымалі Залеская СШ, Хідрынскі ВПК “Яслі-сад-сярэдняя школа” і ДУА “Арэхаўскія яслі-сад”.

Прыемную місію прадоўжыў старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які заўважыў, што ў час, калі няспынна ідзе мадэрнізацыя адукацыі, мяняецца яе змест, укараняюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, настаўнік застанецца самым важным звяном у адукацыі.

Далей з віншавальнай прамовай да педагогаў звярнуўся намеснік начальніка аддзела па  адукацыі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта  Сцяпан Гучык і адзначыў педагогаў, якім былі адрасаваны ўзнагароды самага высокага кшталту. Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама прымалі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пескаўскай СШ Ірына Бекіш, настаўнік рускай мовы і літаратуры Астроміцкай СШ Ларыса Гурыш, выхавальнік дзіцячага сада № 13 Вольга Дудко, настаўнік матэматыкі СШ № 8 Валерый Калінчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Батчынскай СШ Наталля Кірыковіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 Святлана Ніколенка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Астроміцкай СШ Аксана Салей, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павіццеўскай СШ Наталля Цецярук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 8 Алена Аляхновіч, настаўнік матэматыкі  гімназіі Таццяна Бярынчык і многія іншыя.

Гучалі віншаванні і ад прафсаюзнага лідара педагогаў Сцяпана Ніканчука, які словамі падзякі адзначыў працу ветэранаў, што шмат гадоў аддалі справе адукацыі і цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Былых настаўнікаў не існуе, таму нягледзячы на тое, колькі гадоў таму назад педагог пайшоў са школы, у душы ён усё роўна застаецца “сейбітам разумнага, добрага, вечнага”. 

Дапоўнілі атмасферу сапраўднага свята – свята ведаў, майстэрства і таленту – творчыя калектывы Кобрыншчыны.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Ганаровую грамату Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў настаўніцы фізікі і матэматыкі Батчынскай СШ Алене Канунавай уручае Іван Даўжук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *