Руская – па пашпарце, беларуска – у душы

7 кастрычніка — Дзень настаўніка

Кляновы лісточак, падхоплены з зямлі лёгкім павевам ласкавага ветру, трапляе ў рукі Наталлі. Яна лагодна прыціскае яго да твару, удыхаючы водар восені,  які даўно стаў адным з любімых яе водараў -у ім перапляліся цёплыя ўспаміны пра той першы верасень, што паклаў пачатак працоўнаму шляху, пра першы ўрок, новых сяброў, якіх яна набыла сярод сваіх выхаванцаў і шмат што іншае, такое цёплае і патаемнае, якое заўсёды прыемна кранае душу.

— Помню, як хвалявалася, калі ехала ў незнаёмую вёску. Як сустрэнуць? Як наладзіць узаемаадносіны з калегамі, а тым больш з вучнямі? А пераступіла парог школы, і ўсё неяк адышло за другі план – бы сэрцам адчула: тут мой лёс, мая работа, дом. І не памылілася – мне пашчасціла хутка знайсці сваё месца ў жыцці, — дзеліцца ўспамінамі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Павіццеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Цецярук.

З таго часу прайшло не многа і не мала -17 гадоў, кожны з якіх па-свойму запамінальны для маёй гераіні — як для настаўніка ў прафесіянальным плане, так і для жанчыны ў асабістым. У школе сярод вопытных калег Наталля сталела, набіралася вопыту. Шукала тыя стрункі ў душы сваіх выхаванцаў, дакрананне да якіх больш за ўсё раскрывае таленты дзіцяці, імкнулася ў малодшых сяброў выклікаць смагу да пазнання роднай мовы, прывіць ім такую любоў і павагу да яе, якую калісьці прывіла і ёй, ураджэнцы Санкт-Пецярбурга, настаўніца беларускай мовы Лунінецкай сярэдняй школы Наталля Веніямінаўна (на жаль, прозвішча ўжо не згадае).

— Так, толькі ад майстэрства настаўніка, ад яго ўмення зацікавіць сваім прадметам залежыць любоў да той ці іншай навукі. Мне, як грамадзянцы Расійскай Федэрацыі, можна было не вывучаць беларускую мову, але проста сядзець і займацца сваімі справамі на ўроках Наталлі Веніямінаўны я не магла. Беларуская мова з яе вуснаў лілася, бы той сярэбраны ручаёк, пераліваючыся ўсімі яго адценнямі. Зачараваная, я слухала кожнае яе слова, затым бегла ў бібліятэку і брала творы беларускіх аўтараў – пачынала з народных казак, вершаў Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, — згадвае Наталля Васільеўна.

Цікавасць да авалодання беларускай мовай у дзяўчыны паступова перарасла ў жаданне стаць настаўнікам роднай мовы продкаў па матулінай лініі, выхадцаў са Століншчыны. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа маладую настаўніцу накіроўваюць  на Брэстчыну.

— У райана прапанавалі на выбар два раёны –Кобрынскі і Драгічынскі. Ні ў тым, ні ў другім ні сваякоў, ні знаёмых не было, а бацькі жылі ў Лунінцы. Выбар зрабіла інтуітыўна. Так вось і трапіла ў Павіццеўскую сярэднюю школу, — заўважае Наталля і, усміхаючыся, дадае: — Спраўдзілася і прароцтва спецыяліста з аддзела кадраў, якая, даючы мне накіраванне, сказала, што ў Павіцці абавязкова знайду сваё жаночае шчасце.

Зараз з мужам Мікалаем Наталля гадуе дзвюх дачок — Насцю і Ганну. Як сыну настаўніцы, Мікалаю добра вядома, што значыць у доме мець педагога, калі грамадскае становіцца часткай сямейнага жыцця, а дом — гэта працяг работы. Паразуменне і падтрымка з боку блізкіх дапамагаюць Наталлі актыўна займацца і пазакласнай работай з вучнямі, у прыватнасці — адной з любімых формаў – даследчай дзейнасцю. Чатыры гады запар  на раённых  канферэнцыях яна са сваімі выхаванцамі станавілася пераможцай у розных секцыях. Мінулы навучальны год выдаўся асабліва ўдалым. З Арцёмам Брышценам ( ужо студэнтам) яны ўзялі дыплом III ступені ў конкурсе даследчага характару  на рэспубліканскім узроўні.

— Да тэмы вобразу настаўніка ў сучаснай беларускай прозе прывяла мая цяга ў вольныя гадзіны чытаць творы, якія не вывучаюцца ў школьнай праграме. Адзін з іх прапанавала прачытаць Арцёму. Ідэя развіць тэму яму спадабалася, — расказвае Наталля Васільеўна. — Мы шмат цікавага для сябе адкрылі.

Як заўважае мая субяседніца, коласаўскі Андрэй Лабановіч – не адзіны персанаж у беларускай літаратуры, дзе ўмела намаляваны партрэт настаўніка, і паступова скіроўвае размову ўвогуле на ролю педагога ў выхаванні сучаснага  маладога пакалення: калі настаўнік любіць толькі сваю справу – ён будзе добрым настаўнікам, калі любіць сваіх выхаванцаў, як бацька дзіця,  будзе лепшым, чым той настаўнік, які шмат ведае, але не мае любві да сваёй справы і дзяцей, а калі педагог спалучае ў сабе любоў да справы і да вучняў – ён дасканалы настаўнік.

Да дасканаласці, якой няма межаў, імкнецца і сама Наталля Васільеўна. А яшчэ яна марыць здзейсніць экскурсію з вучнямі на сваю малую радзіму — у культурную сталіцу Расіі, прайсціся сцежкамі дзяцінства, наталіцца яе неверагоднай атмасферай.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Наталля Цецярук са сваімі вучнямі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *