Светлы шлях Ніны Марчук

        У народзе кажуць, калі нараджаецца чалавек, на небе загараецца зорка, якая  асвятляе яго шлях і пастаянна суправаджае па жыццёвай дарозе.  Мабыць, там, на нябёсах, вызначаецца і час, праз які гэтая зорка скоціцца з небасхілу і згасне ў цемры. Але час ад часу на Зямлі нараджаюцца людзі,  чые зоркі таленту застаюцца свяціць нават пасля таго, як чалавек адышоў у нябыт. Менавіта такім творцам была Ніна Марчук – кобрынскі журналіст, краязнаўца, даследчык, жыццёвы шлях якой абарваўся 15 верасня.

Я не ведала Ніну дзяўчынай: яе маладосць квітнела тады, калі мяне яшчэ не было на свеце. Ніколі не сутыкалася з ёй як з эканамістам ці грамадскім дзеячам: мы крочылі ўвесь час асобнымі шляхамі. Мне пашчасціла пазнаёміцца з Нінай Рыгораўнай тады, калі яна, пенсіянерка і хатняя гаспадыня, абвясціла раён аб сваім захапленні гісторыяй роднага краю  і праваслаўным краязнаўствам.  Амаль кожную нядзелю ў маю паштовую скрыню прылятаў канверт з вёскі Глінянка, у якім  на шэрых аркушах бумагі ажывала таямнічая ці трагічная гісторыя маленькай вёсачкі ці зніклай  царквы. Час ад часу аўтар тэлефанавала мне, каб даведацца, як матэрыял рыхтуецца да друку, і падчас нядоўгіх размоў дзялілася планамі і вынаходніцтвамі. Яна вандравала па раёне, удзельнічала ў пошукавых работах, сустракалася са сведкамі падзей даўно мінулых дзён, працавала ў архівах, а потым, трымаючы хворымі ад артрыту пальцамі аловак, нятомна пісала, жадаючы расказаць жыхарам Кобрыншчыны пра іх малую радзіму.

З пачатку 90-х гадоў яна супрацоўнічала з вядучымі выданнямі краіны, тройчы акрэдытоўвалася для асвятлення падзей з’езду беларусаў свету ў Мінску, друкавалася ў газетах і часопісах Польшчы, Расіі, Украіны,  неаднаразова станавілася лаўрэатам прэміі імя Ежы Гедройца і пераможцай літаратурных конкурсаў «Рэха Берасцейшчыны” і “Польшча – прыязная суседка Беларусі». У апошнія чатыры гады творчай пляцоўкай краязнаўцы стала газета “Кобрын Інфарм”, якая надрукавала на сваіх старонках больш за 60 артыкулаў, якія пазней увайшлі ў дайджэст “Паміж памяццю і гісторыяй”, што стаў “лебядзінай песняй” самабытнага аўтара. Летам гэтага года яна, як пісьменнік-краязнаўца,  стала пераможцам раённых спаборніцтваў “Мы славу Кобрына працай памножым” у намінацыі “Мудрым удзячным нашчадкам”.

 Гады супрацоўніцтва зрабілі нас больш чым калегамі. Задушэўныя размовы вечарамі зблізілі і параднілі. У яе было чаму павучыцца. Актыўны і няўрымслівы даследчык, цікавы і цікаўны чалавек, у сям’і яна была клапатлівай маці, ласкавай жонкай і пяшчотнай бабуляй, у хаце – руплівай гаспадыняй і  прадпрымальнікам,  для суседзяў і былых калег – аўтарытэтам і генератарам ідэй. У сельскай глыбінцы гэтая жанчына захавала нейкі сталічны глянец: апраналася з густам і па модзе, дбайна сачыла за здароўем і знешнім выглядам. Яна паспявала ісці ў нагу з часам: узначаліла фермерскую гаспадарку, асвоіла камп’ютар і інтэрнэт, займалася дабрачыннасцю. “Пакуль чалавек жыве, ён павінен тварыць дабро і быць карысным людзям”, – лічыла яна і актыўна займалася дабрачыннасцю. Як актыўны грамадскі дзеяч, Ніна Марчук прымала ўдзел у будаўніцтве храма ў вёсцы Глінянка: шукала спонсараў, наладжвала партнёрскія сувязі з арганізацыямі, здольнымі аказаць фінансавую дапамогу Свята-Іаана-Кармянскай царкве, ініцыявала стварэнне ў Глінянцы мемарыялу памяці разбураных праваслаўных храмаў Кобрыншчыны.

“Жыццё кароткае і хуткаплыннае. Натхняйцеся ўсім, у чым адчуваеце хоць кроплю натхнення”, – прыгадваю словы Ніны Рыгораўны з апошняй тэлефоннай размовы. Яна сама жыла менавіта так і наказвала гэта нам. Дзякуй за ўсё, шаноўная Ніна Рыгораўна!

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Ніна Марчук у час прэзентацыі зборніка “Паміж памяццю і гісторыяй”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *