Якасць – не на словах, прыгажосць – не на паказ

Удзельнікі абласнога семінара-нарады “Аб мерах па далейшым павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, прымаемых органамі кіравання і самакіравання ў 2011 годзе, аб’яўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам прадпрымальнасці” — старшыні і супрацоўнікі райвыканкамаў, сельвыканкамаў і старасты вёсак з розных раёнаў Брэсцкай вобласці ў ходзе мерапрыемства наведалі аграгарадкі Кобрыншчыны.

— Сёння нашай мэтай сталі не новыя, толькі што пабудаваныя аграгарадкі, а менавіта “глыбінка” – каб людзі маглі ўбачыць, як захоўваецца і развіваецца ўжо набытае, — расказвае намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі. — Аб’ектамі семінара сталі тры раёны – Кобрынскі, Жабінкаўскі і Маларыцкі. Што датычыцца мэты мерапрыемства – то правільна будзе азначыць яе як спробу паказаць, як ідзе жыццё ў сельскай мясцовасці.

Першай удзельнікаў семінара-нарады сустракала гасцінная зямля Павіцця. Госці наведалі малочнатаварную ферму “Травы” філіяла “Арэхаўскае” УП “Брэстдругмет”, ацанілі асартымент тавараў у магазіне “Харчовыя тавары” філіяла “Дзівінскі” Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства. Пасля наведалі мясцовы Дом культуры, Павіццеўскі дзіцячы садок–сярэднюю школу, дзе пазнаёміліся з умовамі, у якіх навучаюцца вясковыя дзеці. Не засталася ўбаку і сфера аховы здароўя – галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Вячаслаў Крывецкі пазнаёміў прысутных з мясцовай амбулаторыяй.

Наступны прыпынак – аграгарадок “Арэхаўскі”. Старшыня Дзівінскага сельвыканкама Аляксандр Разанка расказаў аб мерах, якія прымаліся па павышэнні дабрабыту і якасці жыцця на тэрыторыі сельсавета. Не засталіся без увагі і мясцовыя аб’екты – у прыватнасці, госці зазірнулі ў магазін “Наш” ПУГП “Гарэза” і ў краму добра вядомага на Кобрыншчыне прадпрыемства “Нашы вытокі”, наведалі яслі-садок. Як падкрэсліў у аграгарадку “Арэхаўскі” Мікалай Крывецкі, цікавы факт – кіраўнікі не імкнуліся хаваць ад вачэй гасцей так званыя “задворкі”, не выстаўлялі на паказ толькі цэнтральныя вуліцы. Людзі ўбачылі прыгажосць, чысціню, парадак. Не паказныя — а сапраўдныя. Гэта гаворыць аб тым, што работа па добраўпарадкаванні тут вядзецца пастаянна і мэтанакіравана, а не толькі падчас падрыхтоўкі да разнастайных урачыстасцяў. Тое ж самае, як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама, можна сказаць пра ўсе аграгарадкі, якія прымалі семінар у гэты дзень.

Візіт на Дзівіншчыну  пачаўся з наведвання швейнага прадпрыемства “Лангхайнрых Канфекцыён Бел”. Нямецкая якасць з беларускай душою – менавіта так лепей за ўсё можна ахарактарызаваць сутнасць гэтага сумеснага германска-беларускага прадпрыемства, чыя прадукцыя разыходзіцца па мноству краін усяго свету. Дарэчы, менавіта ў гэты дзень фірму наведаў яе заснавальнік – Буркхард Оель, кіраўнік фірмы, якая 6 гадоў таму  дала старт дзівінскаму прадпрыемству. Ён падкрэсліў, што сёння “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” паказвае выдатныя вынікі на рынку сталовай і пасцельнай бялізны, і інвестыцыі ў такую выгадную справу, безумоўна, будуць працягвацца.

У Дзівінскім дзіцячым доме госці мелі магчымасць асабіста паглядзець, у якіх умовах жывуць дзеці. А ў Дзівінскім лясніцтве, якое стала наступным прыпынкам, атрымалі асалоду ад выдатнага добраўпарадкавання, якое ўжо стала тут візітнай карткай. Мноства станоўчых эмоцый выклікаў і Дзівінскі дом рамёстваў. Адным словам – уражанні выдатныя.

Як адзначалі многія ўдзельнікі мерапрыемства, жыццё кобрынскай глыбінкі іх прыемна ўразіла. Адразу відаць – тут жывуць сапраўдныя гаспадары, для якіх праца на карысць сваёй малой радзімы – справа гонару. Відавочныя і вынікі – сёння ў аграгарадках цяжка заўважыць нейкую прынцыповую розніцу з так званым “гарадскім” жыццём. Так і павінна быць: немагчыма пераацаніць уклад працаўнікоў сяла ў агульныя здабыткі дзяржавы. А значыць, забяспечыць ім на самой справе ўсебакова якаснае жыццё – святы абавязак нашага грамадства.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *