Завод прадаўжае жыць…

У 2013 годзе  на карце прадпрыемстваў Кобрынскага раёна не стала кансервавага завода. Нягледзячы на гэты факт, людзі, якія  ў свой час пісалі яго гісторыю, не забыліся, што бягучы год для роднага прадпрыемства знакавы — з дня яго заснавання прайшло 70 гадоў.  Адзначыць юбілейную дату 21 верасня ў рэстаране “Кобрын” сабраліся тыя, для каго кансервавы завод стаў сэнсам жыцця.

Згуртаванасць членаў ветэранскай арганізацыі завода, якую вось ужо 20 гадоў узначальвае былы дырэктар Ганна Шутро, прыемна ўразіла. Адчувалася, што шматлікія госці, сярод якіх ганаровае месца займалі ветэраны завода,  – члены адной вялікай сям’і. Многія адчуваюць пэўныя праблемы са здароўем, з цяжкасцю перамяшчаюцца, але і як іх больш маладыя калегі заўважылі, што абмінуць такую важную падзею не маглі. 

“Што ўспамінаецца з жыцця завода? Ды ўсё ўспамінаецца.  Быццам  учора гэта было, — з настальгіяй расказвае Надзея Васілюк, якая 38 гадоў адпрацавала на прадпрыемстве эканамістам. — Як там наш завод? Гэтае пытанне было першым, якое мы, пенсіянеры, задавалі адзін аднаму пры сустрэчы”.

Прадукцыю Кобрынскага кансервавага завода ведалі на прасторах усяго Савецкага Саюза. Зялёны гарошак, кабачковая ікра, салянка, агуркі, разнастайныя салаты і  ягадныя кансервы імгненна раскупаліся з магазінных прылаўкаў як у родным Кобрыне, так і на далёкім Урале.

Звестка аб тым, што іх прадпрыемства прадаецца з аўкцыёна, болем адгукнулася ў сэрцах кансервшчыкаў, аднак не пахіснула іх гонар за яго. Яны часта наведваюць  Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, дзе захоўваюцца рэліквіі завода: Чырвоны Сцяг за перамогі ў сацыялістычных спаборніцтвах, шматлікія ўзнагароды за ўдзел у разнастайных конкурсах, у тым ліку і рэспубліканскага маштабу.  Яркія моманты з жыцця завода беражліва захоўваюць у сабе тоўстыя фотаальбомы.  Першыя на святочных дэманстрацыях, засяроджаныя – у час вытворчага працэсу, актыўныя на навагодніх аганьках і святах, прымеркаваных да важных дат, заслужаных харыстаў Кобрынскага кансервавага завода ведалі далёка за межамі роднага горада – адзін за адным фотаздымкі раскрываюць багатую на падзеі гісторыю прадпрыемства.

У адрас тых, хто верай і праўдай служыў заводу, гучалі словы ўдзячнасці з вуснаў былых кіраўнікоў Аляксандра Волкава, Раісы Кушнер, Сяргея Сінкаўца, якія мэтанакіравана прыехалі раздзяліць з кабрынчанамі важную падзею і, канечне ж, самой Ганны Шутро, якая была і застаецца  для  кансервшчыкаў ідэйным натхняльнікам. Адзначалася, што сапраўднай каштоўнасцю любога прадпрыемства з’яўляюцца працоўныя дынастыі,  Кобрынскі кансервавы  стаў родным для многіх сямей. Усё жыццё прысвяціў працы на заводзе  Віктар Сурма. Яго працоўная дынастыя, заснавальнікам якой стаў  бацька Афанасій Сурма,  бярэ пачатак у 1953 годзе. Заводу ён аддаў 42 гады шчырай і самаадданай працы: спачатку на будаўніцтве, затым – у якасці вадзіцеля электрапагрузчыка. Па прыкладзе бацькі прыйшоў на завод у свой час і  брат  Віктара Аляксандр. Нягледзячы на тое, што кансервавы завод спыніў сваю дзейнасць,  Віктар Сурма не пакінуў родныя сцены, праўда, змяніў статус “кансервшчыка” на вартавога, паўнамоцтвы якога ўсклаў на яго новы ўласнік – ТАА “Жылбудкамплект”.  

Сярод шаноўных гасцей былі ў тым ліку і старшыня прафкама ДА «Кіруючая кампанія холдынгу “Канцэрн Брэстмясамалпрам” Наталля Шэлест, начальнік вытворчага аддзела былога аб’яднання “Брэстплодагароднінапрам” Марыя Аўдзяюк, якія таксама выказалі прызнанне былым работнікам за іх ініцыятыўнасць і працавітасць.  Па традыцыі лепшыя з іх былі ўшанаваны ганаровых грамат і пісьмаў падзякі на розных узроўнях.

Фактычна кансервавага завода няма, але ветэранскі рух, актыўнасць якога адзначыў і старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч, працягвае яго гісторыю.  У тэлефонных званках, паштоўках на дні нараджэння і святочныя даты, у цёплых абдымках пры выпадковых сустрэчах на вуліцы, у спачуваннях і гатоўнасці ў цяжкім становішчы прыйсці на дапамогу, завод прадаўжае жыць.

Людміла ДУБІНА.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: Кобрынскаму кансерваваму заводу – 70 гадоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *