“Крэатыўны ўзрост” – на Кобрыншчыне!

Час пасля выхаду на заслужаны адпачынак нездарма называюць залатым — калі прысвяціць яго не сядзенню ў чатырох сценах, а самаўдасканаленню і развіццю, вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. Гэта 23 верасня выдатна пацвердзіў фестываль “Крэатыўны ўзрост”,  які пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ “Белаграпрамбанк”, БГА “Адпачынак у вёсцы” і “Беларускага Чырвонага Крыжа” ў мінулую нядзелю прайшоў у сямі рэгіёнах Беларусі . На Брэстчыне фестываль прымала аграэкасядзіба  Ніны Главацкай “Палескія традыцыі”.

— Правядзенне фестывалю “Крэатыўны ўзрост” у маштабе цэлай краіны ў Шатландыі натхніла нас зрабіць нешта падобнае ў рэгіёнах Беларусі. Мы хочам паказаць вялікі патэнцыял людзей “узросту шчасця”. На фестывалі яны падзеляцца сваімі ведамі, талентамі, уменнем жыць з аптымізмам. Наша мэта – паказаць, што людзі “трэцяга ўзросту” запатрабаваны ў сучасным грамадстве, могуць жыць яркім і насычаным жыццём, знайсці новыя захапленні, стварыць свой бізнес, праводзіць час з карысцю і асалодай – адзначыла старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Вольга Кліцунова.

І фестываль апраўдаў гэтыя надзеі: тэрыторыя экасядзібы напоўнілася песнямі, жартамі, у паветры разносіўся водар прысмакаў, добры настрой з  кожнай хвілінай падмацоўваўся шчырымі ўсмешкамі.

— Сёння нас аб’яднаў новы фестываль “Крэатыўны ўзрост”, прысвечаны Дню пажылых людзей, які прыходзіцца на такую цудоўную пару, як залатая восень, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Паліна Васілюк. – Менавіта такім, залатым з’яўляецца і гэты ўзрост, галоўныя рысы  якога — мудрасць і крэатыўнасць.

Адкрыла імпрэзу выступленне клуба “Сустрэча”, які працуе пры Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – установы, якая таксама прыняла дзейсны ўдзел у арганізацыі фестывалю. Душэўныя песні і запальныя танцы пабудзілі прысутных падняцца са сваіх месцаў і пайсці танцаваць – некалькі дзясяткаў гадоў як не было. Працавалі цікавыя майстар-класы. У зоне “Белаграпрамбанк для ўсіх!”  прайшла прэзентацыя праграмы “Клопат”, ажыццяўляліся кансультацыі спецыялістаў. Не даводзілася сумаваць і ў зоне здаровага ладу жыцця, дзе можна было навучыцца аказанню першай медыцынскай дапамогі, даведацца аб асновах ёгі і скандынаўскай хады. Цікавыя рэчы з дамашніх калекцый гаспадыні сядзібы і удзельнікаў мерапрыемства чакалі гасцей у зоне “Бабуліна скрыня”. Дэгустацыю сваёй прадукцыі прапанаваў Кобрынскі масларобна-сыраробны завод. Госці мелі магчымасць пакаштаваць дамашні хлеб.

Ганна МІСЕВІЧ,

удзельніца ансамбля “Мелодыя” пры ТЦСАН Ленінскага раёна г. Брэста:

Вельмі добра, што такія ініцыятывы знаходзяць водгук і што праводзяцца такія мерапрыемствы. Яны патрэбны людзям, яны даюць нам радасць і здароўе. І самае галоўнае – мы жадаем быць карыснымі грамадству. Формы работы з людзьмі сталага ўзросту, якія сёння актыўна развіваюцца, даюць нам такую магчымасць, і гэта цудоўна.

Вольга АСІПКА,

валанцёр Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

Вельмі цікавае мерапрыемства. Людзі знаходзяць новых сяброў, разважаюць на агульныя тэмы. Менавіта ў такія моманты лепш за ўсё адчуваеш, што жыццё працягваецца і набывае новыя фарбы.

Гэты дзень прайшоў на адным подыху, пакінуўшы цэлую гаму яркіх успамінаў. Новы фестываль стане добрай традыцыяй, якая зробіць жыццё людзей сталага ўзросту больш цікавым і разнастайным.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара (злева направа): загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН Эла Скалковіч, гаспадыня аграэкасядзібы “Палескія традыцыі” Ніна Главацкая, намеснік начальніка ЦБУ № 127 у горадзе Кобрыне рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Святлана Баталіна, старшыня Батчынскага сельвыканкама Святлана Гангала і спецыяліст па арганізацыйна-метадычнай рабоце Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Аксана Грышан.

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *