Творчасць юных За перамогу – паездка ў Швецыю

“Самае дарагое ў чалавека – гэта жыццё, якое яму даў Бог”, — такія словы прагучалі на імпрэзе, прысвечанай дню шведскай і беларускай літаратуры ў Брэсце, з вуснаў аднага з арганізатараў конкурсу маладзёжнай паэзіі “За здаровы лад жыцця”. Яго фінал адбыўся ў пачатку чэрвеня ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. З 55 твораў у другі тур прайшлі толькі 20, аўтары якіх змагаліся за першае месца. Нялёгкая задача стаяла перад журы, у склад якога ўвайшлі прафесійныя паэты не толькі з Брэста, але і з Мінска. Шмат добрых вершаў гучала ў гэты дзень з вуснаў юнакоў і дзяўчат з усёй Брэсцкай вобласці, узрост якіх ад 15 да 18 гадоў.

І вось, нарэшце, доўгачаканы момант – імёны пераможцаў конкурсу. Як звычайна, абвяшчэнне ідзе з апошняга выніку. Калі Ігар Ніжнік з САШ №7 г. Кобрына заўважыў, што толькі яго імя яшчэ не назвалі, ён зразумеў: “Я паеду ў Швецыю”. І сапраўды, гэта быў галоўны прыз за першае месца – паездка ў Швецыю на восеньскіх вакацыях, у кастрычніку.

Дарэчы, гэта не першы крок на шляху паэзіі ў 15-гадовага кабрынчаніна. У яго ўжо ёсць дыплом III ступені за раённы конкурс “Дэбют”, які праходзіў у Кобрыне ў 2009 годзе. Ды і чытачам “Кобрынскага весніка” вершы Ігара знаёмыя.

— Калі настаўніца абвясціла ўмовы гэтага конкурсу і я пачуў, што галоўны прыз – паездка ў Швецыю, адразу вырашыў, што буду ўдзельнічаць, таму што заўсёды марыў паглядзець свет, — расказвае Ігар Ніжнік. – Раней напісанага, падыходзячага верша ў мяне не было, таму прыйшлося папрацаваць. У выніку нарадзіліся радкі пад агульнай назвай “Твой выбар”.

— Канечне, не ўсе ўдзельнікі конкурсу стануць літаратарамі, галоўнае, каб слова, якое яны будуць несці, заўсёды было добрым, — адзначыў Мікалай Тарасюк, загадчык аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Ніна ПЯТРОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *