Алег КУЗІЧ: “Сітуацыя пад кантролем”

У чэрвені праводзілася “прамая тэлефонная лінія” з намеснікам старшыні Кобрынскага райвыканкама Алегам Кузічам па пытаннях эканомікі, гандлю і прадпрымальніцкай дзейнасці. Паступіў шэраг вусных зваротаў ад грамадзян, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Найбольшая колькасць пытанняў тычылася сітуацыі, якая пануе на спажывецкім рынку Кобрына. Больш падрабязна аб гэтым Алег Уладзіміравіч расказаў карэспандэнту “КВ”.

— Па стане на 16 чэрвеня 2011 года продаж харчовых тавараў у гандлёвых аб’ектах Кобрыншчыны ажыццяўляецца без ажыятажу. Насельніцтву прапануецца шырокі асартымент, у тым ліку цукар, соль, мука, крупы, алей, мяса-малочная прадукцыя. Адказныя супрацоўнікі ўпраўлення эканомікі, аддзела гандлю і паслуг райвыканкама рэгулярна праводзяць маніторынг напаўняльнасці спажывецкага рынку. Зафіксаваны выпадкі, калі дзесьці нераўнамерна былі размеркаваны таварныя групы ці некаторая прадукцыя наогул адсутнічала. Возьмем, да прыкладу, недахоп цэменту. Адзначу, што такая праблема ўзнікла не толькі сёлета. З наступленнем будаўнічага сезона вытворцы гэтага тавару ў некаторыя перыяды былі нездольны ў поўнай меры задаволіць патрэбы спажыўцоў. Вырашэннем гэтай праблемы займаюцца ўрад краіны і шэраг адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.

Яшчэ адно важнае пытанне – стабілізацыя ўзроўню кошту. У межах маніторынгу мы таксама ў тандэме з ўсімі зацікаўленымі структурамі кантралюем своечасовасць разлікаў гандлёвых арганізацый за атрыманую прадукцыю. Акрамя гэтага, суб’екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці праінфармаваны аб недапушчальнасці да 1 ліпеня 2011 года перавышэння ўзроўню кошту, які склаўся па стане на 28 мая 2011 года на рэгуляваныя сацыяльна значныя тавары. А гэта рыба жывая і свежамарожаная (акрамя далікатэсных), селядзец салёны, цвёрдыя і мяккія сыры з каровінага малака, крупы (ячныя, аўсяныя), аўсяныя шматкі без смакавых і іншых дабавак, свежыя агуркі, памідоры, яблыкі, бананы, лімоны, апельсіны, кава і чай, соль кухонная (акрамя солі харчовай марской), субпрадукты з ялавічыны і свініны першай і другой катэгорый, з мяса курэй і куранятаў, вараныя каўбасы і сасіскі, крывяныя і ліверныя каўбасы, сінтэтычныя мыйныя сродкі.

Да ведама пакупнікоў: у магазіне №5 па вул. Леніна і ў гандлёвым цэнтры “Універсам” ААТ “Кобрын-Сэрвіс” па вул. Дзяржынскага, 77а, па серадах і чацвяргах  праводзяцца акцыі па зніжэнні гандлёвых надбавак на поўны асартымент харчовых тавараў. На сацыяльна значныя тавары надбаўкі зніжаны на 50 працэнтаў. Акрамя гэтага, у летні перыяд гандлёвая надбаўка на каўбасныя і вэнджаныя вырабы вытворчасці ААТ “Кобрынскі мясакамбінат” зніжана на 10 працэнтаў.

У магазіне “Дом гандлю” ААТ “Універмаг “Кобрын” па вул. Дзяржынскага  максімальна прымяняльная гандлёвая надбаўка на поўны асартымент — да 15 працэнтаў, на сацыяльна значныя тавары  — да 10 працэнтаў.

Ва ўніверсаме “Дыскаунтэр “КУМ” УП “Нашы вытокі” па вул. Першамайскай максімальна прымяняльная надбаўка на поўны асартымент — да 20 працэнтаў, на сацыяльна значныя тавары – да 13 працэнтаў. І ў гэтым магазіне існуюць адпаведныя акцыі для пакупнікоў. У магазіне “Дыскаунтэр “Цэнтральны” Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства максімальная прымяняльная гандлёвай надбаўка — ад 8 да 16 працэнтаў. Ва ўсіх магазінах ТАА “Кампанія Эліда” гэты паказчык не перавышае 15 працэнтаў, а ў магазіне “Смак-8” па вул. Пралетарскай – 10 працэнтаў.

Запісаў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Алег Кузіч у час работы “прамой тэлефоннай лініі” ў райвыканкаме.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *