У межах акцыі прайшло наведванне шматдзетных сямей Мешчараковых з Кобрына і Міхальчук з вёскі Глінянка

У межах дабрачыннай акцыі па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей-школьнікаў да новага навучальнага года старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Раман Мельнік і  старшыня раённага аддзялення ГА «Беларускі саюз жанчын» Лілія Страчук разам з членам праўлення Наталляй Міхнёнак наведалі шматдзетныя сем’і Мешчараковых з Кобрына і Міхальчук з вёскі Глінянка, у якіх гадуецца па 12 дзяцей.

Тузін няўрымслівых, жвавых дзяцей у хаце – гэта некалькі дзясяткаў сандалікаў каля парога, паўтысячы сшыткаў, сотня алоўкаў, паўсотні ручак і мноства турбот. Па падліках шматдзетнага бацькі Савы Міхальчука, які разам з жонкай Наталляй  кожны ранак адпраўляе ў школу сваіх дзевяць вучняў, падрыхтоўка дзяцей да новага навучальнага года абыходзіцца сям’і амаль у тры тысячы долараў. Каб набыць усё неабходнае,  сям’я цэлае лета працуе. Разам з дарослымі дзеці даглядаюць хатніх жывёл, працуюць у агародзе, збіраюць у лесе ягады і грыбы. Нягледзячы на тое, што два старэйшыя сыны ўжо жывуць асобна ад бацькоў, а меншай Ульяне толькі споўнілася шэсць годоў,  работу тут не дзеляць на  сваю і чужую.“Разам працуем – разам адпачываем”, – з гонарам гавораць бацькі пра свае сямейныя традыцыі.

Наталля, Багдан, Дзмітрый, Яўгеній, Ангеліна, Маісей, Данііл, Самуіл, Веніямін, Авенір, Рувім, Якаў – пералічваюць  імёны дзяцей, сярод якіх ужо тры студэнты і шэсць школьнікаў. Дзеці вучацца ў сярэдняй школе № 9 г. Кобрына. Усе дзеці любяць маляваць, ляпіць з пластыліну, таму падарункі,  з якімі прыехалі да іх госці, прыйдуцца даспадобы.

– Наша арганізацыя – гэта тэрыторыя добрых спраў, куды людзі ідуць па закліку сэрца, каб дапамагаць тым,  хто ў гэтым мае патрэбу. Кобрынская РА РГА «Белая Русь» актыўна ўключылася ў рэспубліканскую акцыю «Збяром партфель першакласніку!» і сабрала падарункі ў выглядзе канцылярскіх тавараў і школьных прыналежнасцяў, – адзначыў Раман Мельнік.

Расхваляваныя дзеці  расказалі, з чым і як яны ўступаюць у новы навучальны год. Скончылася сустрэча агульным фотаздымкам на памяць.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Раман Мельнік і  Лілія Страчук у гасцях у Наталлі і Савы Міхальчук з вёскі Глінянка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *