Больш за 40 маладых спецыялістаў сёлета папоўнілі педагагічную сям’ю Кобрыншчыны

Больш за 40 маладых спецыялістаў сёлета папоўнілі педагагічную сям’ю Кобрыншчыны. Кожны з іх ужо паспеў пазнаёміцца са сваім першым рабочым месцам. Для таго, каб моладзь наладзіла зносіны паміж сабой, на базе сярэдняй школы № 1 г. Кобрына прайшла традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў.

Некаторыя прыехалі на Кобрыншчыну з іншых месцаў, для іх тэатралізаваная замалёўка аб гістарычных асобах Кобрына, якой адкрывалі мерапрыемства, дала магчымасць зазірнуць у гісторыю раёна.

Маладых педагогаў на свяце вітала начальнік аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Галіна Радковіч, якая выказала ўпэўненасць у тым, што маладыя педагогі будуць працаваць з поўнай аддачай, вучыцца і набірацца вопыту ў старшых калег.

Многія маладыя спецыялісты пасля заканчэння навучальнай установы вярнуліся на малую радзіму. Якое месца яна займае ў іх сэрцы? На гэтую тэму разважала малады педагог Марыя Свіржэўская.

Сваімі напрацоўкамі, як заахвоціць дзяцей вучыць англійскую мову, падзялілася педагог сярэдняй школы №2, пераможца конкурсу “Малады педагог Кобрыншчыны” Наталля Пятручык. Дзяўчына расказала, якія метады яна выкарыстоўвае, каб дапамагчы дзецям больш свабодна адчуваць сябе на ўроках і лягчэй успрымаць матэрыял.

Як знайсці падыход да кожнага дзіцяці, падзялілася метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Наталля Крывалапава. Тэму складаных адносінаў паміж дарослымі і дзецьмі зымправізавалі артысты інтарактыўнага тэатра “Погляд” сярэдняй школы №3 г. Корына.

Як праводзяць час пасля работы члены Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, расказаў старшыня арганізацыі, галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік і запрасіў папоўніць іх рады.

Шмат натхнёных слоў маладым спецыялістам было сказана дырэктарам школы Аляксандрам Хурсіным і старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сцяпанам Ніканчуком.

Самым урачыстым момантам сустрэчы стала ўручэнне маладым педагогам працоўных кніжак.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: агульны здымак на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *