І застанецца нашчадкам слова

Здавалася, нават само надвор’е, якое выдалася сонечным і лагодным, спрыяла правядзенню юбілейнага XXV Дня беларускага пісьменства, якое адзначалася 1 і 2 верасня ў гасцінным Іванаве.

Галоўныя падзеі гэтага маштабнага свята разгарнуліся ў нядзелю. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел афіцыйныя дэлегацыі, у тым ліку з Кобрынскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам. Гараджане і госці горада маглі ацаніць тыя пазітыўныя пераўтварэнні, якія атрымаў у падарунак раённы цэнтр. Так, напрыклад, зусім іншы імідж маюць мясцовы парк імя Перамогі, дзіцячыя пляцоўкі, больш крэатыўным стала азеляненне і добраўпарадкаванне горада, іншы выгляд маюць сацыякультурныя аб’екты. Вельмі сімвалічным і значным стаў чарговы падарунак іванаўцам  — адкрыццё ў цэнтры горада  на вуліцы 17 Верасня памятнага знака “Янава слова”. Ён прадстаўляе сабой сонечны гадзіннік з пяром. На гадзінніку выгравіраваны назвы ўсіх гарадоў, што ў свой час прымалі Дзень беларускага пісьменства. Прынамсі, святкуюць яго ў Беларусі з 1994 года. Над стварэннем знака працавала творчая група ў складзе таленавітых скульптараў Аляксея Сарокіна, Алеся Шацілы і архітэктара Ганны Багаткінай. Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця культурнага аб’екта міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, такі знак сімвалізуе роднае слова, якое аб’ядноўвае ўсіх нас, абвастрае прагу да пазнанне, нагадвае пра мінулае, якое трэба берагчы. Таксама шчырыя словы ў адрас абласной улады і  шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, якія дапамаглі рэалізаваць у Іванаве многа буйных праектаў, выказалі старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун і першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Пад гучныя апладысменты знак быў адкрыты.

Афіцыйны пачатак свята адбыўся ў абноўленым парку імя Перамогі на святочнай сцэне. Да прысутных звярнуўся намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. Ён зачытаў віншавальны адрас ад Прэзідэнта краіны. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс адзначыў, што наша вобласць у чацвёрты раз прымае Дзень беларускага пісьменства. Анатолій Васільевіч удзячны жыхарам Іванава і мясцовым уладам, якія рупліва  і старанна рыхтаваліся да свята. Губернатар Брэстчыны падкрэсліў, што ў нас жывуць і працуюць працавітыя і таленавітыя людзі, якія, несумненна, яшчэ пакінуць свой яркі след у культурнай спадчыне краіны. Пад гукі царкоўных званоў у паветра ўзляцелі беласнежныя галубы, і святочная імпрэза распачалася. Ва ўрачыстай атмасферы адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” за творы, напісаныя ў 2017 годзе.  Імі сталі Казімір Камейша ў намінацыі “Лепшы твор паэзіі”, Васіль Шырко (“Лепшы твор прозы”), Георгій Марчук (“Лепшы твор драматургіі”), Зінаіда Дудзюк (“Лепшы твор публіцыстыкі”), Іван Штэйнер (“Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”), Вольга Нікольская (“Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”), Юлія Алейчанка (“Лепшы дэбют”). Пераможцы з рук Аляксандра Карлюкевіча і прафесара Івана Саверчанкі атрымалі ганаровыя дыпломы і сімвалы Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Таксама ў межах Дня беларускага пісьменства адбылася ганаровая цырымонія памятнага гашэння спецыяльнага канверта. Сапраўдным сюрпрызам стала культурная праграма. На святочнай сцэне выступілі лепшыя артысты краіны, якія яскравай тэатралізаванай пастаноўкай “Малой радзіме пакланяюся”  літаральна зарадзілі пазітывам глядзельную залу, а зоркі беларускай эстрады пакінулі добры след у душах і сэрцах гасцей Дня беларускага пісьменства. А ён атрымаўся на славу!

Наступнае свята запланавана правесці ў Слоніме.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: кобрынская дэлегацыя ў Іванаве; яскравы святочны канцэрт; майстры народнай творчасці Кобрынскага раёна Марына Баніфацьева і Іван Пархуцік дэманструюць свае вырабы ў Іванаве.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *