Турызм… Рамантыка ў душы!

Адметна, што  сёлетні раённы турыстычны злёт у праграме 17-й і 16-й штогадовых спартакіяд калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі Кобрыншчыны  абышоўся без праліўнога дажджу і халоднага надвор’я. І гэты фактар дазволіў кожнай з пятнаццаці заяўленых на спаборніцтвы каманд не толькі ў поўнай меры праявіць свае здольнасці, але і з камфортам адпачыць на прыродзе.

У мінулую пятніцу на возеры “Бамаўскае” разгарнуліся самыя сапраўдныя палатачныя гарадкі са сваёй унікальнай інфраструктурай. Нельга было не заўважыць, напрыклад, арыгінальныя фірменныя шатры каманды СТАА “ВП Палессе”, члены якой на чале з капітанам, інструктарам-метадыстам па спорце Вольгай Марчук выдатна падрыхтаваліся да мерапрыемства. Рэгулярным удзельнікам турзлётаў з’яўляецца супрацоўнік прадпрыемства таленавіты паэт і бард Юрый Харэвіч, які  душэўнымі гітарнымі акордамі ствараў цудоўную рамантычную аўру ў палатачным лагеры.

У выдатнай фізічнай форме знаходзіліся члены каманды ААТ “Кобрынскі хлебазавод”, у склад якой увайшлі даволі моцныя фізкультурнікі, такія, як сямейны дуэт Макарукоў, славуты кобрынскі энтузіяст з клуба аматарў бегу “Мухавец” Вадзім Федасевіч і многія іншыя.  Было бачна, што кожны з прыхільнікаў здаровага ладу жыцця быў  выдатна экіпіраваны і меў настрой не толькі на ўдзел, але і на перамогу.

У  атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення прымалі ўдзел у спаборніцтвах шэсць педагогаў САШ №2 разам з дырэктарам Аляксандрам Кудраўцавым і капітанам каманды, настаўнікам фізкультуры Валерыем Літвінюком.

Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё мерапрыемства. Удзельнікаў вітаў начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама Васіль Знахарчук.

Адразу ж каманды прыступілі да першага выпрабавання — асабіста-камандных спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні. За лічаныя хвіліны патрэбна было адзначыць на тапаграфічнай карце мясцовасці размяшчэнне пікетаў, потым за адведзены час пераадолець маршрут, які пралягаў праз перасечаную мясцовасць і складаў прыкладна 12 кіламетраў.

На другі дзень адбыліся велатурыстычныя спаборніцтвы. Паралельна праходзілі старты з удзелам альпіністаў, якія спаборнічалі ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму і перапраўляліся праз ненатуральныя перашкоды – “Гаць”, “Маятнік” і інш. У нядзелю адбыўся конкурс побыту і песні.

У выніку сярод прадпрыемстваў перамагла каманда ЧБУП “Кобрынбуддызайн”. На другім месцы – СТАА ВП “Палессе”, на трэцім месцы – ААТ “Кобрынскі хлебазавод”. Сярод школ “золата” атрымала САШ №2, “серабро” – у Батчынскай САШ, “бронза” – у САШ №9.

Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі і дыпломамі ад аддзела па фізкультуры, спорце і турызме, упраўлення адукацыі райвыканкама.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *