Уладары сяла з лукскай прапіскай

Не сакрэт, што жыццё ў сельскай мясцовасці было і ёсць больш клапотнае, чым у горадзе. Як спраўляюцца з усімі хатнімі сравамі па гаспадарцы сённяшнія маладыя сем’і? На гэтае пытанне штогод адказваюць удзельнікі конкурсу “Уладар сяла”, які праводзіцца па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, раённы этап якога 25 жніўня прайшоў у аграгарадку Стрыгава.

У раённым этапе ўдзельнічалі тры сям’і: Андрэя і Ганны Піва з Павіцця, Аляксандра і Алы Кузьміч са Стрыгава і  Івана і Вікторыі Палхоўскіх з Лукі.

Першым заданнем стала візітная картка. Нягледзячы на тое, што канкурсанты вельмі хваляваліся на вялікай сцэне, кожны з іх годна прадставіў сябе праз вершы, песні, прыпеўкі. “Хатняе заданне” ўключала дэманстрацыю праз фотаздымкі самых значных і цікавых момантаў з сямейнага жыцця, уменне шыць, вышываць, гатаваць ежу.

Адным з конкурсных пытанняў было квашанне капусты. Члены журы ацэньвалі не толькі хуткасць і якасць выканання задання, але і тое, як дапамагалі адзін аднаму ўсе члены сям’і.

Захапляльным быў конкурс, дзе трэба было сабраць бульбу, пачысціць, памыць і нацерці яе на бліны. Цікава было назіраць, як таты пеленалі лялек, а мамы прышывалі гузікі, завязвалі гальштукі.  Разам добра і адапачываць, таму кожная сям’я і мазаіку збірала.

Спаборніцтва падарыла шмат прыемных момантаў. Кампетэнтнае журы ўзначалілі намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч. І як адзначыў Валянцін Трубчык у час цырымоніі ўзнагароджвання, кожная сям’я – пераможца, бо з’яўляецца выдатным прыкладам працавітай сялянскай сям’і.

Па выніках спаборніцтва ўладарамі сяла прызнана сям’я Палхоўскіх. Другой стала сям’я Кузьміч, на трэцяй пазіцыі – сям’я Піва.

Кожная сям’я атрымала каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі — акрамя райкама ГА “БРСМ” спонсарамі выступілі раённы камітэт райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, СТАА “ВП Палессе”, Кобрынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Пераможцы прадставяць Кобрынскі раён на абласным кірмашы-фестывалі “Дажынкі-2018”, які пройдзе ў горадзе Высокае Камянецкага раёна 8 верасня.

Людміла ПАШКОВІЧ.

На здымках аўтара: журы ацэньвае хатняе заданне сям’і Кузьміч; пераможца — сям’я Палхоўскіх.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *