І тут душою спачываю…

 

Парк… Любімае месца адпачынку гараджан і гасцей Кобрына. Нават з узнікненнем у горадзе новых месцаў, дзе можна адпачыць душой, —  набярэжнай,  вуліцы Суворава і  інш. — людзі не здрадзілі любімаму парку. Кожныя выхадныя ці вольны вечар яны спяшаюцца пад цяністыя ліпы і раскошныя грабы, каб пабыць сам-насам са  сваімі думкамі,  прыходзяць сем’ямі пакатацца на  катамаранах ці глытнуць свежага паветра.

Раскошны амфітэатр і дзіцячы забаўляльны цэнтр “Кеша” , сучасныя атракцыёны і вавёркадром,  фантан, упрыгожаны  скульптурнай кампазіцыяй «Купалле», і ратонда, прыгожыя каваныя лавачкі і асфальтаваныя дарожкі — усё гэта  сучасны парк. І толькі векавыя дрэвы нашапочуць цікаўнаму прахожаму, які захоча раптам паглыбіцца ў гісторыю, пра час, які захаваў у сваёй памяці ўпэўненыя крокі славутага палкаводца Аляксандра Суворава, у гонар якога ён названы, і іншых знакамітых постацяў, а таксама пра знакавыя падзеі, якія перажыў за 250 гадоў свайго існавання парк.

— Так, 2018 год – для нашага парку юбілейны, і трэба заўважыць, што віншаванні свае ён прымае ў гэтым годзе тройчы. Акрамя 250-гадовага юбілею з часу заснавання, ён святкуе 70 гадоў з моманту, калі атрымаў статус парку культуры і адпачынку, і 55 гадоў як прызнаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, — расказвае мастацкі кіраўнік ККЗУП “Парк імя А.В. Суворава” Вера Пойта.

З некалі маленькай сядзібы за гады свайго існавання наш парк пераўтварыўся ў адзін з найвялікшых і прыгажэйшых садова-паркавых комплексаў Беларусі. За сваю гісторыю ён перанёс шматлікія выпрабаванні ў выглядзе пажараў і ваенных навал, якія асабліва бязлітаснымі былі ў гады Вялікай Айчыннай вайны  — тады парк амаль цалкам быў разбураны. Але дзякуючы намаганням неабыякавых да свайго горада і яго гісторыі людзей, ён не проста аднавіўся, а набыў свой непаўторны каларыт, які зараз так вабіць сюды прахожых.

 

Як заўважыла Вера Аляксееўна, у юбілейны год, як і ў іншыя гады, супрацоўнікі парку радуюць гасцей шэрагам цікавых мерапрыемстваў, рознабаковых акцый, выгадных прапаноў. Так, кожную суботу для шматдзетных сем’яў дзейнічаюць скідкі да 50% на атракцыёны, а акцыя “Усё ўключана”, якая праходзіць па серадах, прапануе тым, хто купіў у гэты дзень білет-браслет за 8 рублёў, катацца на атракцыёнах цэлы дзень. Парк аказвае паслугі па пракаце веласіпедаў, гіраскутараў, ролікавых канькоў, арганізоўвае карпаратыўныя святы, дні нараджэнняў, вяселлі, спектаклі, гульнявыя дзіцячыя праграмы з выездам і ў ДЗЦ “Кеша”. Новы праект “Зялёны фітнес”, арганізаваны сумесна з РФАУ “Атлант”, якому быў дадзены старт у пачатку сезона, таксама знайшоў шэраг сваіх прыхільнікаў. Прыгожая палова чалавецтва ацаніла бясплатныя заняткі па аэробіцы на свежым паветры і спадзяецца, што праект і далей працягне работу. Пляцоўка вавёркадрома таксама хутка знайшла сваіх прыхільнікаў з боку дзяцей, якія любяць як рухомыя, так і інтэлектуальныя гульні і конкурсы. Амаль кожныя выхадныя для іх тут ладзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, дыскатэкі.

— Вам пашчасціла мець такое прыгожае месца для адпачынку, — заўважыла неяк мая госця з Украіны,  уражаная экскурсіяй па нашым парку, – беражыце яго.

І мы беражэм, і будзем берагчы -100 гадоў,  200 і болей, бо гэта – наша мінулае і сучаснасць, нашы лёгкія і сэрца.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: у парку імя А. В. Суворава.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *