ПТФ “Ручайка”: шляхам мадэрнізацыі і развіцця

Пачынаючы з 2009 года, лёс прадзільна-ткацкай фабрыкі “Ручайка” пачаў кардынальна мяняцца да лепшага. Шэраг мерапрыемстваў у межах буйнамаштабнага доўгатэрміновага інвестыцыйнага праекта ўжо на сучасным этапе дае свой адчувальны эканамічны эфект. Аб тым, з якімі вынікамі працоўны калектыў адзначыць сваё прафесійнае свята, расказвае начальнік аддзела кіравання затратамі ПТФ “Ручайка” Мікалай Шупілаў.

— Агульная сума крэдыта, якая была выдзелена для патрэб прадзільна-ткацкай фабрыкі, склала 47 млрд. 463 млн. беларускіх рублёў. Ільвіная доля сродкаў была размеркавана на пераўзбраенне ткацкай вытворчасці. Закуплена новае імпартнае абсталяванне, якое адпавядае ўсім патрабаванням  часу, укаранёна сістэма менеджменту якасці ІСО 9001.

Кіраўніцтва фабрыкі зрабіла стаўку на выпуск новай высакаякаснай прадукцыі, якая не мае аналагаў  у Беларусі і заўсёды запатрабавана ў спажыўцоў. Гэтым таварам стала тканіна з полівінілхларыдным пакрыццём, выраб якой пачаўся ў студзені бягучага года. На яе аснове атрымліваецца шырокі спектр тэнтавых і банерных матэрыялаў розных уласцівасцей і хімічных саставаў, тынковачная сетка рознай шчыльнасці для будаўнічых патрэб, матэрыялы шахтнай вентыляцыі, дахавыя матэрыялы і інш. За чатыры месяцы было выпушчана 471 тыс. кв. метраў такой тканіны.  Актыўна расце і яе продаж, паколькі да гэтага перыяду аналагічная прадукцыя імпартавалася ў СНД з краін Еўропы і Карэі. Прадпрыемства паступова плануе выйсці на праектную магутнасць у 9 млн. кв. метраў  вырабу тканіны з ПВХ за год. Паводле ацэнкі экспертаў, праблем са збытам такога тавару ў бліжэйшы час не будзе.

Таксама за чатыры месяцы 2011 года выпушчана 440 тон штапельнай пражы, 354 тоны з якой — таварная. За аналагічны перыяд летась гэтыя лічбы склалі 363 і 287 тон адпаведна.  Пераўзбраенне ткацкай вытворчасці адлюстравалася і на выпуску шаўковых тканін. За чатыры месяцы 2011 года іх выпушчана 3693 тыс. пагонных метраў, а ў мінулым годзе за першы квартал – усяго 834 тысячы метраў. Усяго ж на экспарт за студзень-красавік сёлета было адгружана тавараў на суму, эквівалентную 2 млн. 922 тыс. долараў. Пры гэтым прыбытак склаў 640 мільёнаў рублёў.

Пасля таго, як “Ручайка” атрымала новае жыццё, пачала працаваць рэнтабельна, у людзей зусім іншы настрой, паявілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Прыемна, што калектыў ПТФ папаўняецца маладымі кадрамі, існуе добрая традыцыя сямейных дынастый. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім работнікам прадпрыемства здароўя, шчасця і дабрабыту, каб кожная іх мара здзейснілася.

Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) памочнік майстра ткацкага цэха Уладзімір Вярбіцкі, ткачы Алена Герасімук і Таццяна Барысевіч на фоне новага імпартнага абсталявання; Мікалай Шупілаў (злева) з брыгадзірам-кантралёрам цэха вытворчасці тканін з ПВХ-пакрыццём Сяргеем Балюком праводзяць маніторынг вытворчых працэсаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *