Чалавек і яго справа: Высокая ўзнагарода прафесіяналу

У любой цывілізаванай краіне свету жыццё і здароўе чалавека былі і застаюцца самымі галоўнымі каштоўнасцямі. Менавіта таму пытанням бяспекі грамадзян надаецца такая пільная ўвага. Весці гэтую сферу на вытворчасці ці ў арганізацыях, як правіла, даручаецца людзям адказным, якія здольны прадухіліць парушэнне заканадаўства ў сферы аховы працы і магчымую трагедыю. На працягу дзевяці гадоў на пасадзе спецыяліста па тэхніцы бяспекі гаспадарчай групы аддзела культуры райвыканкама працуе Іосіф Андраюк.  У мінулым ён  — кадравы афіцэр. Падпалкоўнік Андраюк закончыў Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча. Служыў на Урале, у Германіі. Два гады выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Армейская загартоўка дапамагае дасягненню поспехаў і пасля звальнення ў запас.

Штодзённы спектр службовых задач Іосіфа Браніслававіча шырокі. Ён курыруе ўстановы культуры з правам юрыдычнай асобы – музей і парк імя А. В. Суворава, Палац культуры, раённы кінавідэацэнтр, усю цэнтральную бібліятэчную сістэму з філіяламі на сяле, дзіцячыя школы мастацтваў горада і раёна, трынаццаць сельскіх клубаў. За кароткі тэрмін працы ў аддзеле культуры спецыяліст дасканала вывучыў нарматыўна-прававыя і тэхнічныя акты, лакальныя дакументы, якія рэгламентуюць працоўную дзейнасць, стварыў службу па ахове працы, распрацаваў для ўстаноў базу даных на электронных носьбітах. У яго штодзёныя абавязкі ўваходзяць якаснае навучанне супрацоўнікаў бяспечным метадам вядзення работ, праверка ведаў па пытаннях аховы працы і электрычнай бяспекі, уводныя інструктажы, аказанне метадычнай і практычнай дапамогі кіраўнікам структурных падраздзяленяў і асобам, якія адказваюць за арганізацыю і кантроль за аховай працы ўстаноў культуры, і інш. Сістэма кіравання аховай працы, якую ён укараніў, бездакорна жзейнічае, прадухіляе выпадкі вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў.

На мінулым тыдні ў межах планавага аўдыту Кобрыншчыну наведалі прадстаўнікі цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, азнаёміліся ў тым ліку і з дзейнасцю Іосіфа Андраюка. Паводле інфармацыі галоўнага тэхнічнага інспектара працы ЦК прафсаюза работнікаў культуры Дзмітрыя Саколіка, на працягу шэрагу гадоў кобрынскі спецыяліст дэманструе выдатныя вынікі. І не выпадкова Іосіф Браніслававіч  не аднойчы ўдастойваўся звання лепшага грамадскага інспектара па ахове працы ў вобласці і рэспубліцы. Вось і сёлета госці з Мінска вырашылі адзначыць намаганні кабрынчаніна. Ва ўрачыстай абстаноўцы Дзмітрый Саколік уручыў Іосфіу Андраюку  падзяку за актыўную работу пры ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы за подпісам старшыні федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый Саколік (справа) ўручае Іосіфу Андраюку заслужаную ўзнагароду.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *