Пабачыла свет кніга “Паміж памяццю і гісторыяй” Ніны Марчук

Мудрым удзячным нашчадкам

— Чалавек не проста так прыходзіць на зямлю, у кожнага з нас свая місія, канкрэтная задача. Іншая справа – чаму ў адных атрымліваецца рэалізаваць сябе і пакінуць добры след, а ў другіх не. Усё залежыць ад унутранай матывацыі  і ўласнага жадання, спісваць на нейкія абставіны –апраўданне  душэўнай ляноты, —  перагортваючы апошнюю старонку сваёй кнігі, пачынае нашу размову Ніна Марчук.

Нагодай для знаёмства з гэтай цікавай, эрудыраванай, поўнай энергіі і творчых планаў жанчынай  якраз і стаў выхад у свет яе кнігі “Паміж памяццю і гісторыяй”, прэзентацыя якой запланавана ў Кобрынскай цэнтральнай бібліятэцы на 17 жніўня.

Калі гаварыць пра маю гераіню,  то яна сама з катэгорыі тых людзей, для якіх ціхая плынь па жыцці непрымальны ні ў якім узросце. Эканаміст па прафесіі, у сваім сэрцы Ніна Рыгораўна ўсё жыццё пранесла любоў да журналістыкі.

— Можна быць дыпламаваным журналістам, умець выдатна збіраць інфармацыю, перадаваць факты і не больш таго, а можна сваё слова так  аздобіць, што яно заблішчыць, як дыямент,  і тады чытач не адарвецца ад артыкула. Каб стаць такім майстрам, рамеснікам і творцам, трэба кожны дзень працаваць над сабой,  і не важна, што напісана ў дыпломе,– разважае жанчына і заўважае, што для яе журналістыка – гэта стан душы, магчымасць рэалізаваць свой унутраны патэнцыял, быць заўсёды побач  з людзьмі, адчуваць іх запатрабаванні.

Работу галоўнага  эканаміста ў гаспадарках раёна (спачатку ў Бельску, затым у Глінянках), пасаду старшыні выканкама Карцэвіцкага сельскага  Савета (на Міншчыне), намесніка дырэктара Кобрынскай птушкафабрыкі, кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Фініш-агра”, мясцовага аддзялення “Сяльчанка” пры “Беларускім саюзе жанчын”  Ніна Рыгораўна заўсёды сумяшчала з карэспандэнцкай дзейнасцю ў  газетах “Шаг” ( г. Баранавічы), “Для вас” ( Івацэвічы),  “Кобрын-інформ” , “Кобрынскі веснік”, дзе была  ў свой час іх уласным і пазаштатным карэспандэнтам. Падпісвалася часта псеўданімамі, не прэтэндуючы на ганарары. Пачынала як спецыяліст па аграрнай тэматыцы, але нейкімі рамкамі сябе не абмяжоўвала, імкнулася звяртацца да тэм, якія, магчыма,  не так добра былі знаёмы, як сельская гаспадарка, але выклікалі заўсёды цікавасць, як, напрыклад,  мінулае і сучаснасць:

—  Цяга да  гісторыі ў мяне са школьнай парты. Так, закахалася ў старэйшых класах у маладога настаўка, а разам і ў яго аповеды пра Беларусь, пра  старажытныя цэрквы  Гродзеншчыны, адкуль я, дарэчы, родам.

З Кобрыншчынай Ніна Рыгораўна  зраднілася дзякуючы свайму мужу Геооргію, з якім пазнаёмілася ў Гродне, дзе  юнак з Мінянкі асвойваў прафесію агранома ў сельскагаспадарчай акадэміі.

— Гэта — каханне з першага погляду.  Ды і як  было не звярнуць увагі на такога прыгажуна!? Я шчаслівая жанчына, што лёс звёў мяне менавіта з Георгіем, што ён  — мой муж.  Гэта самы надзейны чалавек у свеце. Я ні на кроплю не памылілася тады, калі амаль 50 гадоў назад,  выдзеліла гэтую рысу як дамінуючую ў яго характары, — дзеліцца юнацкімі ўспамінамі, якія і  зараз прыемна хвалююць струны душы, жанчына.

Малады студэнт  таксама адразу разгледзеў у Ніне багаты ўнутраны свет, інтэлект і індывідуальнасць, якія вылучалі яе сярод равеснікаў.  Каб не выпрабоўваць лёс і не страціць дзяўчыну,  у хутнім часе прапанаваў ёй руку і сэрца, і маладыя пажаніліся.

Вёска Глінянка, дзе жыве зараз Ніна Рыгораўна з мужам, дзе вырасла іх дачка і любяць бавіць вольны час унукі, стала для яе другой малой радзімай і пэўным штуршком для звароту да тэмы, якая даўно ўжо чакала свайго часу.

— Наша зямля хавае ў сабе шмат таямніц, кожны куточак яе дыхае гісторыяй, у якой многа яшчэ неразгаданага. Перачытваючы краязнаўчы матэрыял па Кобрынскім раёне, я неяк заўважыла сабе, што інфармацыі пра тыя ж маленькія вёсачкі, пра цэрквы, якія існуюць і якія па нейкіх прычынах зніклі, якраз-такі нямнога, — разважае мая субяседніца. — Мне захацелася больш пра іх даведацца і падзяліцца назапашаным матэрыялам з мясцовымі жыхарамі — гэта ж зямля іх продкаў.

Цалкам паглыбіцца ў тэму, а пятнаццаць гадоў назад акрамя непасрэднай работы Ніна Марчук выконвала і шмат грамадскіх абавязкаў,  часу не хапала, таму прыходзілася па частачках збіраць матэрыял. Да сваёй ідэі няўрымслівая жанчына падключыла і мужа. Сабраны матэрыял друкавала  ў газетах. Водгукі, якія прыходзілі ад чытачоў, толькі прыдавалі сілы, бо чарговы раз даказвалі, што тое, чым яна займаецца, выклікае цікавасць, а значыць мае карысць і патрэбна людзям.

Вялікая справа  Ніны Марчук па краязнаўстве распачалася з выхадам  яе на заслужаны адпачынак:

— Выціраць пыл са старонак гісторыі  не толькі цікава, але і вельмі адказна.  Час бывае бязлітасны да нейкіх падзей, іх сведкі, мае суразмоўцы, — звычайныя мясцовыя жыхары- яны не гісторыкі і не даследчыкі, не навукоўцы,  ім характэрна бачыць і канстатаваць факты са свайго пункту гледжання і даваць ім суб’ектыўную ацэнку, што часам можа прывесці да няправільнай перадачы фактаў. Таму трэба быць вельмі асцярожным у кожнай літары і даце.

На маё пытанне, у які момант усё ж такі краязнаўца вырашыла сабраць у адзінае цэлае багацейшы матэрыял і выдаць кнігу, прызнаецца, што дапамог выпадак. Раённая выканаўчая ўлада ацаніла матэрыялы сціплага на выгляд, але багатага  па змесце дайджэста, які за ўласныя сродкі год назад яна надрукавала ў Кобрынскай тыпаграфіі. Вялікую падтрымку знайшла Ніна Рыгораўна з боку намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама, старшыні Кобрынскай РА ГА “Беларускі Фонд міра” Валянціна Трубчыка. Праз Фонд былі сабраны сродкі, якія і пайшлі  на выданне кнігі “Паміж памяццю і гісторыяй”, у якой чытач знойдзе для сябе цікавыя і малавядомыя факты з гісторыі мінулага Кобрыншчыны і Берасцейшчыны.

Ніна Рыгораўна з вялікай удзячнасцю адгукаецца і пра людзей, якія ёй дапамагалі: вяскоўцаў, суседа Уладзіміра Страху, які зрабіў крыжы, што пастаўлены на месцах старажытных магільнікаў былога калгаса ў Глінянках, настаяцеля храма святога праведнага Іаана Кармянскага ў Глінянках айца Міхаіла Канцэвіча, старшыню Тэвельскага сельвыканкама Іну Кузняцову, сваіх настаўнікаў і дарадцаў-краязнаўцаў Аляксандра Ільіна з Пінска і Мікалая Гладкага з Карэлічаў.

Жыццёвы прынцып Ніны Марчук — пакуль чалавек жыве, ён павінен тварыць дабро і быць карысным людзям – не страціў сілы пасля завяршэння вялікай справы. Наперадзе новыя ідэі і планы. Адзін з праектаў ужо знайшоў падтрымку з боку мясцовых жыхароў, царквы  і ўлады: пабудаваць мемарыяльны комплекс “Галгофа” ў Глінянках, які б сімвалізаваў нашу памяць пра тыя 16 храмаў Кобрыншчыны, якія па нейкіх прычынах  былі разбураны.

Каб у майго чытача сфарміравалася поўнае ўяўленне пра Ніну Марчук як асобу, хочацца згадаць некалькі фактаў з яе жыцця, якія чарговы раз запэўніваюць: пад ляжачы камень вада не цячэ — хочаш жыць цікавава і насычана, будзь заўсёды ў пошуку.

Не кожнаму, хто аднойчы адправіў канверт з красвордам у тэлестудыю Астанкіна, пашчасціла трапіць на перадачу “Поле цудаў”. Ніне Рыгораўне ўдача ўсміхнулася па той прычыне, што яе інтэлектуальных здольнасцяў і кемлівасці пры стварэнні красворда і нататкі пра сябе проста не маглі не заўважыць арганізатары, як і не адзначыць выдатную прэзентацыю прадукцыі кобрынскіх прадпрыемстваў. Мінуючы недапушчальныя маркетынгавыя хады, госця прыпаднесла прадукты-падарункі нават лепш, чым калі б гэта была іх рэклама. Згадваючы саму гульню,  Ніна Рыгораўна шкадуе, што не змагла тады выйграць энцыклапедыю ў 80 тамоў, якая б, безумоўна,  яшчэ больш пашырыла яе кругагляд.  А ў тэлегульні “Адзін супраць усіх” у 2008 годзе фартуна, ці нават лепш сказаць інтэлектуальныя здольнасці маёй гераіні прынеслі выйгрыш у дзве тысячы долараў. На пытанне вядучага Георгія Калдуна, куды  патраціць грошы, пераможца адказала: “Закапаю ў зямлю”. Сэнсу, укладзенага ў словы кіраўніка фермерскай гаспадаркі, якім на той час з’яўлялася жанчына, не адразу зразумеў нават Георгій Калдун.

Сярод шматлікіх узнагарод Ніны Марчук рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, як пераможцы літаратурных конкурсаў і самаадданаму працаўніку, апошняя, уручаная ў гэтым годзе ўладамі раёна на на Дзень горада, самая дарагая  і шаноўная для яе. Жанчына як пісьменнік-краязнаўца стала пераможцам раённых спаборніцтваў “Мы славу Кобрына працай памножым” у намінацыі “Мудрым удзячным нашчадкам”.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ: Ніна Марчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *