Кабрынчанін Аляксандр Угляніца: “Чым  павольней едзеш, тым далей будзеш”

Сціпласць  працы не перашкода

Аляксандр  Угляніца —  вадзіцель  з 25-гадовым стажам, 15 з якіх правёў  за баранкай МАЗа ў філіяле “Будтрэст №33” ААТ “Будаўнічы трэст №8” — сціплы працалюб, які лічыць, што асаблівай нагоды пісаць пра яго няма – шчыруе, як і ўсе. А вось яго калегі і начальства лічаць па-іншаму: “Спецыялістаў добрых  шмат, але не кожны з іх, як Аляксандр Міхайлавіч, — прафесіянал сваёй справы”. Аб высокай ацэнцы яго прафесіянальных якасцяў і плённай дзейнасці на карысць сваёй арганізацыі сведчыць ушанаванне майго героя на Дошку гонару ў 2017 годзе.

— Кім марыў стаць у дзяцінстве? Ды, вадзіцелем і бачыў сябе, – згадвае Аляксандр Міхайлавіч,  — а яшчэ хацеў будаваць дамы, высокія, прыгожыя, якія б дацягваліся высока да неба. Так яно амаль і атрымалася.

Пасля заканчэння школы Аляксандр  набыў у тады яшчэ Драгічынскім ПТВ № 163 спецыяльнасць вадзіцеля-трактарыста. Затым пайшоў на тэрміновую службу ў армію, пасля якой вярнуўся ў Кобрын і ўладкаваўся па кантракце ў вайсковую часць, што існавала тады ў горадзе. Восем гадоў працаваў там вадзіцелем. Добрага майстра сваёй справы, адказнага і стараннага работніка хутка заўважылі і ацанілі ў будаўнічым трэсце №33, куды Аляксандр Угляніца ўладкаваўся адразу ж пасля расфарміравання часці, і даверылі яму новы МАЗ. Гэтая машына верай і праўдай і зараз служыць свайму дбайнаму гаспадару, як і яшчэ адна, на якой ён дастаўляе на будаўнічыя  аб’екты буйнагабарытныя грузы: бульдозеры, пагрузчыкі і інш.

Дзень у майго героя ненарміраваны. Сёння ён перавозіць будаўнічыя матэрыялы па аб’ектах горада і раёна, дзе узводзіць дамы, рамантуе фермы трэст, заўтра – адпраўляецца ў камандзіроўку ў Гродна, Гомель ці Баранавічы па цэмент або пліты перакрыцця. На колькі зацягнецца камандзіроўка — не ведае, бо гэта ўжо залежыць не ад яго.

— Машын на завод з розных кропак Беларусі па тыя ж пліты на Мікашэвіцкі жалезабетонны завод прыходзіць шмат, пакуль дачакаешся чаргі — і дзень пройдзе, а можаш паспяхова загрузіцца, але спякотнае надвор’е не дазволіць адправіцца ў зваротны шлях – прыходзіцца чакаць паніжэння тэмпературы – такі закон, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч.

З любімай справай  Аляксандр зрадніўся ў адно цэлае, як і са сваім калектывам. Любоў да таго, чым займаешся, стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а будаўніцтва — гэта сфера, без якой немагчыма ні наша сённяшняе, ні будучыня, – тое, што неабходна яму як чалавеку і сем’яніну.

Сябе мой герой называе разважлівым вадзіцелем, які прытрымліваецца народнай мудрасці: “Чым  павольней едзеш, тым далей будзеш” — разумее ўсю адказнасць, якая ўскладаецца на яго плечы як з боку адміністрацыі, так і сям’і.  Дома яго чакае жонка Вольга, якая працуе ў Брэсце швачкай, таму часта іх шляхі за суткі могуць перамежавацца зусім ненадоўга, і малодшы сын-пяцікласнік, які з выбарам будучай прафесіі яшчэ не вызначыўся, але цяга да вадзіцельскага крэсла прысутнічае з маленства. Старэйшы сын, які звязаў свой лёс таксама  з будаўнічай сферай, працуе ў Мінску.

Кожны раз, ад’язджаючы ад чарговага аб’екта пасля забяспячэння яго неабходнымі матэрыяламі, Аляксандр Угляніца ўглядаецца ў новабудоўлі, якія ўзводзяць яго таварышы, і ў думках заўважае сабе, што ў гэтай вялікай і слаўнай працы ёсць і яго сціплы ўклад.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Аляксандр Угляніца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *