Кобрын будуе – Кобрын жыве!

Мы бачым, як развіваецца і прыгажэе наш родны Кобрын, як растуць яго новыя жылыя мікрараёны, кварталы індывідуальнай забудовы і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. За кожным з іх шматдзённая руплівая праца мноства людзей – працаўнікоў будаўнічага сектара Кобрыншчыны.

Сёння ў Кобрынскім раёне налічваецца 11 буйных і сярэдніх будаўнічых арганізацый, у якіх працуе больш за 1100 чалавек, — расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзмітрый Дземідзюк. – За першае паўгоддзе 2018 года аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ склаў 40825 рублёў, ці 110,3% да адпаведнага перыяду мінулага года ў супастаўленых цэнах. Значнае месца займае будаўніцтва жылля. Толькі за 6 месяцаў 2018 года за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 21925 квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, што складае 52% ад гадавога задання. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена ў эксплуатацыю 115 аднакватэрных жылых дамоў.

 

Сёння будаўніцтва шматкватэрных дамоў вядзецца адразу ў двух новых мікрараёнах шматпавярховай забудовы: у мікрараёне №4 па вуліцы Дружбы і мікрараёне па вуліцы Дзяржынскага. Сядзібная забудова ажыццяўляецца ў асноўным на тэрыторыі былога аэрадрома, а таксама ў раёне вуліц Паўночнай і Новай у г. Кобрыне. У кварталах індывідуальнай забудовы ажыццяўляецца будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры – у прыватнасці,з пачатку года пабудавана 10 кіламетраў сетак электразабеспячэння, 4 кіламетры водаправода, 1,5 кіламетра дарог і 10 кіламетраў газавых сетак.

Адзін з новых шматкватэрных жылых дамоў, якія ў хуткім часе адкрыюць свае дзверы для навасёлаў Кобрыншчыны, сіламі філіала “Будтрэст №33” ААТ “Будаўнічы трэст №8” узводзіцца па вуліцы Дзяржынскага недалёка ад аўтавакзала. Аб тым, на якім этапе знаходзіцца будоўля, мы спыталі ў прараба Пятра Суліма, які за выдатныя працоўныя дасягненні ўзнагароджаны Ганаровай граматай Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў.

— Гэта 20-кватэрны жылы дом, пазіцыя 14 у генплане мікрараёна па вул. Дзяржынскага ў Кобрыне, усе кватэры будуць трохпакаёвыя, — расказвае Пётр Рыгоравіч. — Ужо практычна завершаны другі паверх. Здача дома ў эксплуатацыю запланавана на люты 2018 года.

Пётр Сулім будаўнічай галіне прысвяціў большую частку свайго жыцця, на Кобрыншчыне жыве і працуе з 1987 года, тады ён стаў адным з першых жыхароў  новай вуліцы 700-годдзя Кобрына. На яго вачах і з яго ўдзелам наш горад перажываў самыя значныя этапы свайго развіцця, якія прыйшліся на апошнія дзесяцігоддзі. Сёння разам з ім працуюць і ветэраны будаўнічай галіны, і маладыя хлопцы, якія толькі пачынаюць свой прафесіянальны шлях. Пройдзе зусім нямнога часу, і ва ўтульных дварах новых дамоў, дзе сёння працуе магутная тэхніка, вырастуць першыя кветкі, а на дзіцячых пляцоўках загучаць галасы маленькіх кабрынчан – новых грамадзян нашай краіны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: Пётр Сулім (у цэнтры) абмяркоўвае работу з мулярамі Сяргеем Манько (злева) і Ільёй Краўчуком; новабудоўлі па вуліцы Дружбы; новы мікрараён па вуліцы Дзяржынскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *