І адраджаецца зямля

Сетка меліярацыйных каналаў Кобрыншчыны – нібыта крывяносная сістэма жывога арганізма. Так званы прыродны фактар і час уносяць свае пэўныя карэктывы ў яе функцыяніраванне. Меліярацыйная сістэма з аптымістычнай назвай “Новае жыццё” была пабудавана на тэрыторыі Дзівінскага сельсавета яшчэ напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тут на тэрыторыі ў 1050 гектараў было праведзена асушэнне балот. Вызваленыя ад вады землі былі прызначаны для сельскагаспадарчых патрэб. У асноўным з-за недахопу фінансавых сродкаў у мясцовай гаспадарцы, у абавязках якой сачыць за часткай каналаў, уся меліярацыйная сістэма працягласцю трыццаць чатыры кіламетры паступова забруджвалася глеем. Як вынік – з-за павышанай вільгаці глебы гінулі пасевы, падтопліваліся зямельныя ўчасткі. На дапамогу аграрнікам сёлета прыйшлі работнікі з УП “Кобрынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”. Разгорнуты буйнамаштабныя мерапрыемствы па рэканструкцыі каналаў, дрэнажу і іх ачыстцы.

…Страла магутнага экскаватара на гусенічным хаду Э-304 (драглайн) добра бачна здалёку. Ачысткай каналаў займаецца экскаватаршчык са шматгадовым стажам Сяргей Яўчук.

— Ачысціць каналы і дрэнажы — гэта толькі палова справы, — гаворыць прараб ПМС Леанід Цімашук. — Важна таксама зрабіць і аграмеліярацыю праблемных участкаў, якая ўключае ў сябе ўзорванне і дыскаванне зямлі, яе перазалужэнне. У самы бліжэйшы час мы плануем завяршыць усе неабходныя мерапрыемствы на аб’екце “Новае жыццё”.

Дырэктар Кобрынскага ПМС Дзмітрый Гарагляд адзначае, што летась яго арганізацыя выканала асноўныя прагнозныя паказчыкі і працуе рэнтабельна. Як вядома, сёлета Кобрынскі раён вытрымаў моцную паводку, якая адбілася напружаным графікам работы і для меліяратараў.

— За дапамогай да нас звярталіся як прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, так і звычайныя грамадзяне. І заўсёды супрацоўнікі ПМС выконвалі ачыстку меліярацыйных сістэм якасна і ў тэрмін там, дзе гэта патрабавалася ў першую чаргу.

Кобрынскае ПМС ажыццяўляе тэхнічнае пераўзбраенне. З адзінаццаці экскаватараў на гусенічным хаду сем — новыя. Таксама паступілі новыя энерганасычаныя трактары “Беларус-3022” і МТЗ-80, пагрузчык, мотакосы і мотапомпы.

Работы ў спецыялістаў заўсёды хапае. Толькі за пяць  месяцаў бягучага года прадпрыемства выканала шэраг мерапрыемстваў на агульную суму 2 млрд. 600 млн. рублёў.

Галоўнае багацце прадпрыемства – людзі. У калектыве існуе добрая традыцыя пераемнасці пакаленняў. З кожным годам усё больш прыходзіць моладзі, якая з задавальненнем асвойвае прафесію.

У час сустрэчы Дзмітрый Гарагляд выказаў шчырыя словы віншавання ў адрас сваіх калег з нагоды прафесійнага свята, пажадаў ім здароўя, дабрабыту і плёну.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) механізатары Андрэй Савіч, Пётр Галюк і экскаватаршчык Сяргей Яўчук з Леанідам Цімашуком (у цэнтры) абмяркоўваюць планы па ачыстцы каналаў на аб’екце “Новае жыццё”.

І адраджаецца зямля: 1 комментарий

  • 2011/11/16 в 8:27
    Permalink

    Еще бы бобров куда переселили,продали,распугали.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

автоновости 2011