350 гадоў налічвае гісторыя вёскі Верхалессе

З цёплых лірычных слоў, прасякнутых любоўю да сваёй малой радзімы, распачалася 28 ліпеня вялікая святочная імпрэза ў гонар 350-годдзя заснавання вёскі Верхалессе, арганізатарам якой выступіў Верхалескі Дом культуры на чале з яго дырэктарам Валянцінай Пракапук пры падтрымцы Кобрынскай раённай клубнай сістэмы.

Святочнай частцы мерапрыемства папярэднічала цікавае шоу, якое прапанавалі гледачам выхаванцы трэнера-выкладчыка па конным спорце ДЮСШ пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Раданежскае” Ганны Давыдзенка.

Ганаровыя госці імпрэзы, сярод якіх былі галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Раданежскае” Галіна Сідарук, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Валянцін Скакун, падкрэслілі  вялікую працавітасць верхалесцаў, іх дбайнасць пра родны куточак, які выдзяляецца асаблівай чысцінёй і ўтульнасцю, пажадалі  вёсцы квітнець і развівацца многія стагоддзі. Іх словы падтрымаў настаяцель Мікалаеўскай царквы вёскі Верхалессе Валерый Заруба, які заўважыў, што без мінулага няма будучыні. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць пра тых, дзякуючы каму вёска сёння жыве ў шчасці і згодзе, — на жаль, ні адзін з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны не дажыў да святочнага юбілею.

Дзень сённяшні Верхалесся —  яго жыхары. Гэта самы маленькі вясковец Яўгеній Шапяцюк, што ціха спіць у калысцы пад шчымлівыя песні пра Радзіму, гэта шасцёра будучых першакласнікаў, якімі папоўніцца ў новым навучальным годзе Верхалеская сярэдняя школа, доўгажыхары Кацярына Шчур, Павел Алексіевіч, Марыя Салей, чый жыццёвы шлях перасягнуў 90-гадовую мяжу, але пры гэтым не выкінуў іх з абоймы людзей, здольных даць годную мудрую параду маладым. Гэта першыя даяркі і паляводы, вадзіцелі і трактарысты, што стаялі ў вытокаў арганізацыі калгаса, і маладыя спецыялісты – сённяшнія працаўнікі хлебнай нівы і настаўнікі, аграномы і выхавальнікі… Усе яны ў гэты дзень атрымалі шмат цёплых слоў удзячнасці і падарункі.

Хто, як не сем’і Мікалая і Любові Каральчук, Анатоля і Галіны Прыбышчук, Дзмітрыя і Ганны Якімук, якія пражылі ў любві і згодзе  адпаведна 40, 45 і 50 гадоў, ведаюць свае маленькія і вялікія сакрэты сямейнага шчасця і могуць падзяліцца імі з тымі, хто толькі пачынае віць агульнае гняздо, як і няхітрымі, бо не заснаванымі на разумных кніжках, але дзейснымі, бо прайшлі выпрабаванне часам, метадамі выхавання дзяцей з маладымі шматдзетнымі сем’ямі, якіх, на шчасце, нямала ў вёсцы. Не засталіся без увагі і прыемных падарункаў адны і другія.

Пра тое, што верхалеская зямля багата на таленты, можна было ўпэўніцца, наведаўшы выставу народных промыслаў, арганізаваную ў фае Дома культуры. Работы з гліны, арыгінальныя малюнкі алоўкам, плеценыя з лазы і саломкі прадметы хатняга ўжытку, арыгамі, вырабленыя з дрэва элементы дэкору, даматканыя дываны і ручнікі… Няма межаў фантазіі верхалескіх умельцаў. Кожны з гасцей мог задаволіць свой эстэтычны густ  нечым блізкім менавіта яго душы. Прыемна, што тут не губляецца сувязь пакаленняў: разам з работамі вопытных майстроў  годнае месца знайшлося і вырабам іх дзяцей. У сям’і Балабушка дачка Людміла пераняла мастацкі густ ад сваёй маці Галіны Сяргееўны,  а  Алёна Місіюк да бацькавых генаў дадала вялікае ўласнае жаданне тварыць.

Не засталіся без прыемных сюрпрызаў і актыўныя чытальнікі Верхалескай публічнай бібліятэкі. Бібліятэкар Любоў Каральчук, якая праз кнігу актыўна  далучае да свету прыгожага мясцовых жыхароў, адзначыла іх шаноўнымі падарункамі.

Шчырыя словы прызнання ў любві да сваёй малой радзімы ліліся і ў кожным радку песні, што гучалі  з вуснаў як удзельнікаў вакальнай групы Верхалескага Дома культуры, так і выхадцаў з вёскі, якія думкамі і сэрцам назаўсёды ўраслі ў родную зямлю, як, напрыклад, Людміла Каральчук, Арцём Зазанюк, а таксама гасцей з Астроміцкага цэнтра культуры і вольнага часу.

Безумоўна, святочная імпрэза не атрымалася б такой яркай і насычанай без падтрымкі яе спонсараў – ААТ “Раданежскае” на чале з яго дырэктарам Уладзіславам Балабушка, старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Валянціна Скакуна, індывідуальнага прадпрымальніка Віктара Алексюка.

 

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: свята вёскі Верхалессе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *