На Кобрыншчыне ідзе барацьба за ўраджай

Масавая ўборка збожжавых ідзе ва ўсіх гаспадарках раёна. Па шэрагу паказчыкаў лідзіруе ААТ “Агра-Кобрынскае”, у якім ураджайнасць складае 52,5 цэнтнера з гектара, што з’яўляецца лепшым вынікам у раёне. З палёў прыбрана 363 гектары, ці больш за 60% збожжавых. Калі на палеткі не завітае дождж, то менш чым за тыдзень увесь ураджай будзе сабраны.

 Усе тры камбайны “КЗС -12”, што ажыццяўляюць уборку збожжа, забяспечаны добра падрыхтаванымі кадрамі. Камбайнер Сяргей Жолах і яго памочнік Сцяпан Шугай, чый вынік ужо за 13 дзён уборкі складаў каля 600 тон збожжа, як і іншыя два экіпажы, задзейнічаны ў гэтыя дні на ўборцы трыцікале. Яны адзначылі, што пры спрыяльным надвор’і  намалот мог бы складаць каля 100 тон у дзень, але дажджы значна перашкаджаюць.

Старанна на хлебнай ніве працуюць Станіслаў Гембаль і Віктар Лук’янюк. Браты Ілья і Дзмітрый Карпіны разам на камбайне другі сезон і спадзяюцца, што вынікі будуць не горшыя за леташнія. Аляксандр Нікіцюк і Вячаслаў Буракоў на “МАЗах” адвозяць сабраны ўраджай на збожжасушыльны комплекс, які абслугоўвае Аляксандр Кавалюк з сынам Аляксандрам. Збожжасушылка працуе кругласутачна. Пры добрым надвор’і  туды трапляе каля 300 тон збожжа ў дзень. Высушана 1800 тон пшаніцы і трыцікале. Пра кожны кілаграм збожжа і кожны зжаты квадратны метр добра ведае эканаміст Надзея Арабка, якая вядзе статыстыку ў гаспадарцы і па графіку ажыццяўляе дзяжурства каля камбайнаў.

Мокрая вясна і спякота ў пачатку лета трохі падкарэкціравалі лічбы будучага ўраджаю. Аднак, як кажуць аграрыі, нічога выключнага не адбылося. У хлебаробаў кожны год па-свойму складаны: не  засушыць, дык замарозіць. Засуха прыйшлася якраз на той час, калі набірала сілу яравая пшаніца. Вядома, што недахоп вільгаці дрэнна ўплывае на якасць калосся. Таму,  па папярэдніх прагнозах, сёлета каравай гаспадаркі будзе тон на 800  лягчэйшым,  чым у мінулым годзе.  Разумеючы гэта,  хлебаробы намагаюцца  зменшыць страты якасцю працы.

– У час веснавой сяўбы былі выкананы ўсе тэхналагічныя рэгламенты. Станоўчы эфект дала таксама своечасовая апрацоўка  раслін ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў. Усе збожжавыя культуры атрымалі падкормку азотнымі ўгнаеннямі, – расказвае галоўны аграном Іван Гусак, дзякуючы дзейнасці якога ААТ “Агра-Кобрынскае” ў лідарах па ўраджайнасці.

Пільна сочаць у гаспадарцы і за якасцю ўборкі.  Перад кожным выхадам у поле механізатары старанна  аглядаюць свае агрэгаты, якія перад жнівом былі герметызаваныя і прайшлі кантроль. Яны робяць усё, каб у няпростых прыродных умовах атрымаць максімальную аддачу.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На здымку аўтара: Ілья і Дзмітрый Карпіны, Сяргей Жолах і яго памочнік Сцяпан Шугай,  галоўны эканаміст Надзея Арабка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *