Кабрынчане пабывалі ў Грэцыі

Частачку Грэцыі прывезлі  на малую радзіму выхаванцы Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. З 12 па 24 чэрвеня  актывісты узорнай вакальнай студыі “Крыніца” і ўзорнага ансамбля народнага танца “Пралесачкі” здзейснілі паездку ў краіну, якая са старажытных часоў акружана легендамі і міфамі.

Для ўдзельнікаў гэтых калектываў экскурсіі за мяжу перш за ўсё абмен вопытам.  “Выступаючы на розных пляцоўках, мы  шліфуем сваё майстэрства”, — разважаюць арганізатары паездкі, кіраўнікі калектываў Аксана Амельянюк і Святлана Чырун.

Геаграфія падарожжаў  нашых таленавітых землякоў  шырокая.  Неаднаразова яны прымалі ўдзел  у Міжнародным дзіцячым фестывалі “Сонца. Радасць. Прыгажосць”  у Балгарыі.  З творчым візітам наведвалі  Малдову.  Дзе б і ў якой краіне не былі, вярталіся аддтуль з новымі ўражаннямі і новымі сябрамі.

Паездка ў Грэцыю была не менш цікавай і здзейснілася пры дапамозе сталічнай турыстычнай кампаніі “БелСоф” – пастаяннага партнёра кобрынскіх артыстаў  па арганізацыі  экскурсій  за мяжу.

Месцам, дзе спынілася творчая делегацыя з Кобрына ў складзе 27 чалавек, стаў рыбалавецкі пасёлак Каравомелас, які знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад горада Стыліда  ў Цэнтральнай частцы Грэцыі.  Побач  з кабрынчанамі – а размясціліся нашы артысты  ў экзатычных бунгала на беразе Эгейскага мора — адпачывалі  дзеці з Беларусі. 

Наяўнасць шматлікіх выдатных мясцін у Грэцыі, многія з якіх наведалі кабрынчане, звязана з шматвяковай, насычанай падзеямі гісторыяй  краіны.   Надоўга ў іх памяці застануцца ўражанні ад наведвання сэрца Грэцыі – Афінаў.  Неверагоднымі формамі і веліччу здзіўляе чалавечае ўяўленне Афінскі Акропаль, першыя храмы якога закладаліся яшчэ ў часы архаікі. Першапачаткова тут знаходзілася рэзідэнцыя цара,  пазней  Акропаль разросся да памераў невялікага горада.  Не менш цікавым месцам з’яўляецца Панацінайкос – унікальны ў сваім родзе стадыён з белага мармуру, дзе былі праведзены першыя Алімпійскія гульні.

Надоўга захавае ўспаміны ў сэрцах кабрынчан фотаздымак на фоне філасофскага каменя, які лічыцца небывалай крыніцай працягласці жыцця.

Цікавым і нетанным было падарожжа на востраў Эфбея ў Эгейскім моры, дзе знаходзіцца лячэбны курорт Эдзіпсас. Ён славіцца сваімі мінеральнымі гарачымі крыніцамі, якія ўтрымліваюць у сабе ўвесь склад элементаў табліцы Мендзялеева і  ў цэлым аказваюць спрыяльнае ўздзеянне на арганізм чалавека.

Уражанні ад  грэчаскіх краявідаў  з яе скалістымі горамі, а пабывалі нашы землякі і ў цэнтры праваслаўнага манаства – Метэорах,  эксклюзіўнай ежай, вельмі захапілі беларусаў, але не меншае задавальненне яны атрымалі ад выступлення перад грэчаскай публікай, якое было для іх першараднай мэтай. Як заўважыла Аксана Амельянюк, канцэртная праграма планавалася так,  каб  найбольш выразна прэзентаваць грэкам беларускую ментальнасць.  І дасягалася гэта  пасродкам  каларытных нацыянальных касцюмаў,  творчага рэпертуару, традыцыйнай ежы беларускай кухні і, безумоўна, шырокай адкрытай усмешкі, якой заўсёды вітаюць гасцей на сваёй зямлі беларусы.

Цікава, але ніхто з кабрынчан не адчуў у Грэцыі моўнага бар’еру, напэўна, людзі, якія сустракаюцца з нагоды добрых падзей, разумеюць адно аднаго па чысціні душэўнага парыву.

Людміла ДУБІНА.

НА ЗДЫМКУ з архіву Кобрынскага РЦДТ: з грэчаскімі сябрамі перад выступленнем; цэнтр праваслаўнага манаства Метэоры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *