Спаборнічалі знаўцы Кобрыншчыны

Любіць свой горад – значыць ведаць яго гісторыю. Квэст-гульня “Родны горад-2018”,  арганізаваная райвыканкамам у супрацоўніцтве з Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А.В. Суворава, выдатна прадэманстравала, што кабрынчане ведаюць свае карані і ганарацца сваёй роднай Кобрыншчынай.

Усе мы імкнемся зберагчы сваю гісторыю, каб перадаць яе нашым нашчадкам, — падкрэсліла начальнік аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук. – Кожная музейная зала, па якіх праходзіць наша традыцыйная квэст-гульня, насычаная гістарычнымі падзеямі і асобамі, якія стваралі гісторыю Кобрыншчыны і ўсёй нашай краіны. І вельмі добра, што гэтае мерапрыемства ўжо чацвёрты год запар збірае столькі прыхільнікаў.

У гэты раз у квэст-гульні прынялі ўдзел 3 каманды – ВУП “Брэсцкія традыцыі”, Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”. Згодна з правіламі, каманды павінны былі прадставіць візітныя карткі, пасля чаго атрымлівалі маршрутныя  лісты і распачыналі сваё падарожжа па вуліцах Кобрына і экспазіцыях музея ў суправаджэнні куратараў. Хоцья час на выкананне квэстаў не быў абмежаваны, каманда, якая справілася першая, атрымлівала бонусныя балы. Атмасферу сапраўднага спаборніцтва стварылі балельшчыкі, якія не шкадавалі сіл для падтрымкі знаўцаў.

Аляксей ТВЕРДАХЛЕБАЎ,

капітан каманды “Архімед” ВУП “Брэсцкія традыцыі”:

Наша каманда вырашыла прыняць удзел у квэст-гульні, таму што ўсе мы цікавімся гісторыяй свайго роднага краю, асабліва нашага Кобрына, у якім выраслі і жывем. Мы прыйшлі сюды, каб пашырыць наш кругагляд і даведацца аб нечым новым. Гэта цікава і весела. Я спадзяюся, што такая добрая ініцыятыва знойдзе свой працяг і далейшае развіццё.

Кацярына ДАНІЛЮК,

прадстаўнік каманды КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”:

Сярод членаў нашай каманды ёсць і юрысты, і эканамісты, і інжынеры, але ўсіх нас яднае актыўная жыццёвая пазіцыя і тое, што мы любім наш родны Кобрын. Менавіта ён самым першым адчувае на сабе ўплыў работы камунальнікаў, і мы верым, што дзякуючы нашай працы ён стане яшчэ прыгажэйшым. Квэст-гульня “Родны горад-2018” – выдатная магчымасць прыгадаць цікавыя факты з гісторыі нашага Кобрына і праверыць, як добра мы ведаем сваю гісторыю.

Раман МЕЛЬНІК,

галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік”, старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь:

Мы прыйшлі ў гэты храм культуры з выдатным настроем, успомнілі сваю мінуўшчыну. Мы бачым, з якой пяшчотай ставяцца да сваёй гісторыі прадстаўнікі самых розных прафесій, і як цікава кожны раз праходзіць гэтая гульня. Адзначу, што пастаянны актыўны ўдзел у ёй прымаюць пярвічныя арганізацыі “Белай Русі” – у іх склад уваходзяць актыўныя кабрынчане, якія разумеюць кошт плённай працы і той факт, што толькі з яе дапамогай можна ўнесці дзейсны ўклад у развіццё нашай краіны.

Алена БАБЕНКА,

дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава:

Гісторыя ў нас усіх адна, як і наш родны Кобрын. Задача нашай квэст-гульні – яшчэ раз нагадаць аб гэтым кабрынчанам. Тут яны маюць магчымасць прыгадаць гістарычныя моманты з нашага агульнага мінулага, паспаборнічаць у сяброўскай атмасферы, стаць бліжэй адзін да аднаго. Лічу, што гэтая ідэя знайшла свой водгук у сэрцах.

Шчыры энтузіязм, з якім удзельнікі гульні разбіраліся ў цікавых гістарычных пытаннях, сведчыў, што менавіта агульная гісторыя – гэта тое, што аб’ядноўвае нас усіх. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што каманды справіліся практычна з усімі заданнямі. Прайграўшых у гэты дзень не было – зарад добрых эмоцый і выдатныя прызы ад партнёраў, якімі сталі ВУП “Брэсцкія традыцыі”, ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, Кобрынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і  газета “Кобрынскі веснік”, атрымалі ўсе каманды. Што ж датычыцца выніковага рэйтынгу, то трэцяе месца дасталося камандзе “Камунальнік” КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, другое – камандзе “Без назвы” Кобрынскага ТЦСАН, а лепшымі ў гэты раз сталі знаўцы з каманды “Архімед” ВУП “Брэсцкія традыцыі”.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: каманда пераможцаў.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *