Хлебаробы Кобрыншчыны поўным ходам прыбіраюць новы ўраджай

Льецца збожжа залатое

На палях гарачая пара – хлебаробы поўным ходам прыбіраюць новы ўраджай. У буйнейшым аграхолдынгу ААТ “Гарадзец-Агра” сёлета належыць прыбраць 3, 2 тысячы гектараў азімага і амаль 1,5 тысячы гектараў яравога севу. Аграрыі не губляюць часу, максімальна эфектыўна выкарыстоўваючы кожную хвіліну добрага надвор’я.

–  Асноўныя культуры – жыта, яго ў нас 1400 гектараў, трыцікале, якога пасеяна 1250 гектараў, таксама да ўборкі 550 гектараў азімай пшаніцы, 510 гектараў зернебабовых і 585 гектараў займае яравы ячмень, акрамя таго, пасеяна 160 гектараў аўса і 240 га яравой пшаніцы, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Сняжана Ячнік. – Добрыя стаўкі робім на азімую пшаніцу – пакуль што ўраджайнасць трымаецца на ўроўні каля 45,5 цэнтнераў з гектара.

На момант нашага візіту гарадзецкія хлебаробы ўжо скончылі ўборку азімага рапсу, якога было прыбрана 500 гектараў і выкананы дзяржаўны заказ на 140 тон. Зроблены значны пераходзячы запас кармоў. Надышла чарга азімай пшаніцы, уборка якой ішла на полі каля вёскі Грушава — тут працавалі 4 камбайны, у кузавы грузавых машын магутнай ракой сыпалася залатое збожжа. Адначасова прыбіраецца азімае жыта, на якім працуе 8 камбайнаў, у бліжэйшых планах распачаць уборку збожжа на насенне. Адразу за камбайнамі на палі выходзяць прэсы для падборкі саломы.

Усяго у ААТ “Гарадзец-агра” налічваецца 18 збожжаўборачных камбайнаў, сёлета ў гаспадарку паступілі яшчэ два новых “Палессе GS-12». Адну з гэтых сучасных машын атрымалі маладыя камбайнеры Аляксей Доўнар і Дзмітрый Казюк, якіх мы сустрэлі на полі. Яшчэ ў мінулым годзе хлопцы працавалі памочнікамі камбайнера, а сёлета сфарміравалі свой экіпаж, раўняючыся на перадавікоў жніва. Гледзячы на энтузіязм маладых хлебаробаў, можна не сумнявацца – з гэтымі хлопцамі мы яшчэ абавязкова сустрэнемся з нагоды высокіх працоўных дасягненняў.

Дзмітрый БЯЛОЎ,

НаА ЗДЫМКУ аўтара (злева направа): Аграхімік Аляксандр Патоня, камбайнеры Аляксей Доўнар, Дзмітрый Казюк, Мікалай Пакалюк, Аляксандр Бараноўскі і галоўны аграном Сняжана Ячнік

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *