Як праходзяць будні механізатараў кобрыншчыны

Важнае звяно на шляху да ўраджаю

Шлях ад кінутага зерня ў зямлю да спелага калосся – вялікі. Спрыяльнае надвор’е, правільная культывацыя і своечасовая хімпраполка – фактары, якія дазваляюць сабраць добры ўраджай.

У ААТ “Батчы” на хімпраполцы ўжо больш за дзесяць гадоў працуе Аляксандр Мароз. Яшчэ ў 2004 годзе ён прыйшоў у гаспадарку працаваць аператарам машыннага даення. Але яго цягнула тэхнікі, таму, атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, перакваліфікаваўся ў механізатара.

— Работа ў полі пачынаецца з сакавіка – спачатку ўносяцца вадкія угнаенні, пасля пераходзім на хімпраполку, – расказвае Аляксандр Мароз. – У хуткім часе да існуючай тэхнікі дабавіцца новы агрэгат, якім будзе зручней працаваць, павысіцца і якасць работы.

Збожжавыя, цыбуля, кукуруза, рапс, буракі – адно за адным змяняюцца палі пад коламі трактара Аляксандра Мароза.

Трэба паспець, пакуль няма дажджу. Калі вельмі спякотна, у поле Аляксандр Мікалаевіч выязджае ў чатыры гадзіны раніцы. Пасля робіць перапынак і зноў вяртаецца ў поле вечарам, дзе працуе да заходу сонца.

Праца дзень за днём з ранку да вечара набягае ў вялікія плошчы – прыкладна дзве тысячы апрацаваных гектараў за месяц дазваляюць унесці значную суму ў скарбонку сям’і, дзе гадуюцца чатыры сыны, а жонка Аляксандра знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

— Жывем у “прэзідэнцкім” доме, плануем праз год выкупіць яго ў сваю маёмасць, – дзеліцца радасцю механізатар. — Як і ўсе ў вёсцы, трымаем гаспадарку, апрацоўваем свой агарод.

Калі ў Аляксандра Мароза выдаецца вольны час, ён з усёй сям’ёй выбіраецца на рыбалку, пікнікі або ў раённы цэнтр, каб пагуляць з дзецьмі ў парку.

Зрабіўшы невялікі перапынак на нашу размову, Аляксандр Мароз зноў вяртаецца ў вадзіцельскую кабіну, каб скончыць апрацоўваць чарговы гектар з цыбуляй.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева направа) галоўны аграном ААТ “Батчы” Мікалай Якімчук дае разнарадку Аляксандру Марозу.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *