Анатолій Ліс: “ Трэба заўсёды паглыбляцца ў праблемы людзей”

Пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва дарог, добраўпарадкавання вуліц, развіцця сацыяльнай сферы, малога і сярэдняга бізнесу, працаўладкавання сталі ключавымі ў час асабістага прыёму старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ліса, які адбыўся 4 ліпеня ў райвыканкаме.

 Так, да кіраўніка Брэстчыны звярнулася жыхарка г. Кобрына, якая цікавілася, ці плануецца пабудаваць у новым мікрараёне горада (каля СШ № 9) у крокавай даступнасці ад шматкватэрных жылых дамоў дзіцячы сад. Як заўважыла наведвальніца, праблем з месцамі ў дзіцячых садах у горадзе няма, аднак такая ўстанова дазволіць дарослым больш гібка планаваць свой дзень. Як адзначыў Анатолій Ліс, падобная праблема з’яўляецца актуальнай для ўсёй вобласці, і яна павінна вырашацца. Намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык праінфармаваў заяўляльніка і губернатара аб тым, што новы дзіцячы сад сапраўды патрэбны  менавіта ў гэтым мікрараёне. У 2019 годзе, згодна з адпаведным рашэннем Брэсцкага аблвыканкама, плануецца выдзеліць неабходныя сродкі на праектна-каштарысную дакументацыю, а ў 2020 годзе запланавана само будаўніцтва.  Але ўсё залежыць ад фінансавання. Анатолій Ліс заўважыў, што, магчыма, менавіта ў гэтым месцы горада больш актуальным будзе нават  дзіцячы сад-сярэдняя школа.

— Будаўніцтва ў любым выпадку плануецца пачаць, — рэзюмаваў губернатар.

Жыхар Кобрына цікавіўся, калі ў яго гаражы з’явіцца электрычнасць. Аналагічная праблема існуе і ў многіх яго суседзяў. Анатолій Ліс даручыў органам мясцовай выканаўчай улады аказаць садзейнічанне ў стварэнні кааператыву, выбраць яго старшыню, які сумесна з зацікаўленымі асобамі і будзе займацца вырашэннем вострага пытання.

Адзін з наведвальнікаў Анатолію Васільевічу задаў пытанне наконт асфальтавання вуліцы Гандлёвай у г. Кобрыне. Як адзначыў губернатар, у дадзеным выпадку трэба прапрацаваць варыянт долевага ўдзелу жыхароў вуліцы ў гэтым мерапрыемстве.

У час прыёму Анатолій Ліс сканцэнтраваў увагу прадстаўнікоў органаў улады на важнасці  больш уважлівага стаўлення да зваротаў людзей. Анатолій Васільевіч неаднаразова падкрэсліваў, што даваць пустыя абяцанні заяўляльнікам недапушчальна. Неабходна аб’ектыўна зыходзіць з той сітуацыі, якая існуе, паглыбіцца ў праблему і весці з грамадзянамі канструктыўны дыялог, які дазволіў бы аператыўна  зняць вострае пытанне.

У той дзень да губернатара звярнуліся 10 чалавек. Кожны зварот Анатолій Ліс узяў на асабісты кантроль.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Анатолій Ліс у час прыёму грамадзян. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *