Справаздачы і выбары “БРСМ”: на прынцыповых пазіцыях

У райвыканкаме адбылася чацвёртая раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя ГА “БРСМ”, на якую былі запрошаны лепшыя прадстаўнікі маладзёжнага саюза Кобрыншчыны. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, старшыня Кобрынскага  раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Бурдыка, другі сакратар Брэсцкага абкама ГА “БРСМ” Таццяна Вянско.

З дакладам аб выніках работы райкама БРСМ за апошнія тры гады выступіла першы сакратар Людміла Чырун. Агучаныя факты і лічбы з’яўляліся прамым доказам таго,  што “адседжвацца” ці  фармальна падыходзіць да работы актывістам маладзёжнага руху не прыходзілася. Сёлета па стане на 29 красавіка Кобрынская арганізацыя БРСМ налічвае 2583 мэтанакіраваных, актыўных, таленавітых і творчых юнакоў і дзяўчат, якія аб’яднаны ў 110 пярвічных арганізацый. Прынцыповы акцэнт робіцца на прыцягненне ў аб’яднанне самых лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення – патэнцыяльных лідараў, якія не на словах, а на справе зарабілі “пропуск” у рады беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Спектр дзейнасці БРСМ пашыраецца. Адным з найважнейшых вектараў з’яўляецца  патрыятычная работа. Члены БРСМ  — рэгулярныя ўдзельнікі аўтапрабегаў МРАС ДТСААФ па месцах баявой славы, урачыстасцяў, прысвечаных дзяржаўным  і іншым святам. Сумесна з ГА “БРПА” арганізаваны 41 атрад “Міласэрнасць”, паспяхова дзейнічае цімураўскі рух. У полі зроку актыву знаходзяцца ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, якім аказваецца пасільная дапамога. Таксама сумесна з установамі адукацыі, культуры, КУШВП ЖКГ “Кобрынская  ЖКГ”  праводзяць акцыі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыях каля помнікаў, абеліскаў загінуўшым і расстраляным суайчыннікам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

З уводам у эксплуатацыю новых сацыяльна-спартыўных аб’ектаў у нашым горадзе створаны цудоўныя магчымасці для развіцця фізічнай культуры, масавага дзіцячага і маладзёжнага спорту і турызму. РК ГА “БРСМ” у тандэме з аддзелам па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама і іншымі зацікаўленымі структурамі  традыцыйна на базе лядовай арэны праводзяцца спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі на прызы Прэзіэнта Рэспублікі Беларусь “Залатая шайба”. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца акцыі “Лета дзіцячага футболу”, лёгкаатлетычныя кросы, велапрабегі, спаборніцтвы па шматбор’і сярод дапрызыўнікоў, турзлёты на Бамаўскім возеры. Паводле склаўшайся традыцыі на возеры Каташы арганізоўваюцца рэспубліканскія чэмпіянаты па пляжным футболе. Таксама маладзёжны актыў удзельнічае ў мерапрыемствах па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, ужывання тытуню, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Сумесна з РАУС і камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама члены БРСМ працуюць з “цяжкімі” падлеткамі.

Усебакова падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні творчая і таленавітая моладзь. Так, летась упершыню за ўсю гісторыю Кобрыншчыны на базе кінатэатра “Радуга”  быў арганізаваны фестываль субкультур “Свабодны рух”, які сабраў пад больш за 130 удзельнікаў з Беларусі і Расіі.  БРСМ вырашае не толькі праблему арганізацыі вольнага часу ў маладзёжным асяроддзі, але і яе працаўладкавання. У Кобрынскім раёне толькі за 2010 год было сфарміравана 10 валанцёрскіх атрадаў. Магчымасць зарабіць  грошы самім атрымалі 317 чалавек.

У сваім звароце да моладзі Аляксандр Зазуля канстатаваў відавочны факт – БРСМ на Кобрыншчыне прайшоў працэс станаўлення і ператварыўся ў сапраўды моцную, жыццядзейную арганізацыю.

Старшыня райвыканкама Мікалай Кенда таксама даў станоўчую адзнаку дзейнасці бээрсээмаўцаў. Ён прызваў прысутных сканцэнтраваць свае намаганні на пытаннях добраўпарадкавання, прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у маладзёжным асяродзі, больш пільную ўвагу надаваць ушанаванню старэйшага пакалення, духоўна-маральнаму выхаванню юнакоў і дзяўчат.  Мікалай Аляксеевіч таксама падкрэсліў важнасць развіцця школы маладога кіраўніка на Кобрыншчыне і адзначыў, што раённыя ўлады будуць больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял маладых лідараў. Таксама перад моладдзю выступілі Таццяна Місюк, Галіна Бурдыка, Таццяна Вянско.

У выніку работа РК ГА “БРСМ” была прызнана здавальняючай. Аднагалосным рашэннем дэлегатаў канферэнцыі першым сакратаром арганізацыі была выбрана Людміла Чырун, другім сакратаром на грамадскіх пачатках выбрана метадыст кінатэатра “Радуга” Галіна Велісевіч. Па ўсіх пытаннях парадку дня канферэнцыі былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *