Парад прафесій прайшоў на Кобрыншчыне

Адшумелі апошнія званкі – для выпускнікоў прыйшоў  час выбіраць будучы шлях жыцця. З 15 чэрвеня, які ў Брэсцкай вобласці быў аб’яўлены адзіным Днём парада прафесій,  свае дзверы для ўчарашніх школьнікаў расчынілі Кобрынскі дзяржаўны ліцэй сферы абслугоўвання і Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Што прапаноўваюць гэтыя навучальныя ўстановы і чаму кабрынчане спыняюць свой выбар менавіта на іх? Падрабязнасці – у рэпартажы з месца падзей.

Тое, што ў Кобрынскім дзяржаўным ліцэі сферы абслугоўвання адбываецца нешта важнае і ўрачыстае, было зразумела яшчэ здалёк – тут гучала музыка, а перад уваходам у будынак праводзіліся майстар-класы, якія знаёмілі гасцей з прафесіямі, асвоіць якія прапануюць ва ўстанове. Нагадаем, сёлета кіраўнік ліцэя Віктар Нічыпарук атрымаў сертыфікат “Залаты дырэктар”, а сама ўстанова за высокія паказчыкі ў рабоце была занесена на абласную Дошку гонару. Высокі прафесіянальны ўзровень – не адзіная перавага выпускнікоў ліцэя, якія вядомы сваімі шматлікімі перамогамі ў разнастайных сферах. Патэнцыльных навучэнцаў урачыста сустрэў дырэктар ліцэя, які пажадаў ім поспехаў на выбраным шляху.

— Мая дачка Марыя прыйшла сюды, каб асвоіць спецыяльнасць “Прадавец, аператар ЭВМ”, — расказвае кабрынчанка Таццяна Ганчук. – Ліцэй сферы абслугоўвання, па сутнасці, ужо стаў нашай сямейнай установай адукацыі – я ў свой час тут атрымала прафесію швачкі, па якой працую ўжо 20 гадоў, тут вучыўся і мой сын, які зараз служыць у арміі. Будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца і ў дачкі.

Цікава прайшоў гэты дзень і ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Майстар-класы, экскурсіі па навучальнай установе, інтэрактыўныя экскурсіі ў света прафесій зацікавілі многіх маладых кабрынчан і іх бацькоў. Атрымаць падрабязную інфармацыю аб уступнай кампаніі можна было ва інфармацыйна-кансультацыйным пункце.

Сёлета мы плануем набраць 161 навучэнца на ўзровень прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі і 115 чалавек — на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Ігар Барабанаў. – Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе ў нас адкрылася новая спецыяльнасць – “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў” —  мы будзем рыхтаваць так званых “хаўс-майстроў” з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Навучанне  па новай спецыяльнасці праводзіцца  на базе прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.

 Падрабязнасці ўступнай кампаніі-2018 чытайце на афіцыйных  сайтах навучальных устаноў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКІ аўтара.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *