“Мы – аптымісты”

Згадзіцеся, прыемна  і нават крыху незвычайна пачуць такія словы ад людзй, якія пражылі разам… 58 гадоў. Але менавіта так – бадзёра, радасна і аптымістычна – паглядае на жыццё сям’я Васіля і Веры Якубовіч, з якой мы пазнаёміліся дзякуючы цудоўнай нагодзе – 85-годдзю гаспадара, Васіля Ільіча. Павіншаваць прыехалі прадстаўнікі Кобрынскага ТЦСАН на чале з дырэктарам Таццянай Бойка.


Нельга сказаць, каб жыццё гэтага чалавека было лёгкім. Васіль Ільіч перажыў акупацыю, а з вызваленнем Кобрыншчыны ў 1944-м годзе і сам пайшоў у армію, дзе служыў у 590-м  зенітна-артылерыйскім палку ў скадзе 1-га Прыбалтыйскага фронта. Ён памятае, як напрыканцы вайны паміж Тукомсам і Лібаваю трапіла ў “кацёл” каля 30-ці дывізій гітлераўцаў. Як пакаралі нямецкіх генералаў,якія нават пасля аб’яўлення капітуляцыі ў маі 45-га не адразу склалі зброю…  Для Васіля Якубовіча вайна скончылася, як ён адзначае, 14 мая – ужо пасля перамогі.

А потым было мірнае жыццё – і праца, праца, праца… Як успамінае Вера Якубовіч, здавался, што яе муж працаваў круглыя суткі – на заводзе, у кузні, на будоўлі… І нават пасля завяршэння працоўнага дня ішоў да людзей – рабіць печы, каб зарабіць для сям’і кавалак хлеба. Так і пражыў усё жыццё…

— Можа, таму і захаваўся больш-менш добра, — усміхаецца Васіль Ільіч, якому ні за што ў жыцці  немагчыма на першы позірк даць яго сапраўдны ўзрост. – А без працы куды? У ёй – само жыццё… Толькі спынішся, супакоішся — адразу пачнуць хваробы чапляцца.

Ніякія перашкоды — нават зараз, не могуць адцягнуць гэтую цудоўную сям’ю ад прывычнага ладу жыцця. Вось і за святочным сталом неяк сама сабою заходзіць гаворка то пра агарод, то пра хатні быт… І, здаецца, час бы ўжо адпачыць – але неадольная жыццёвая энергія не дае сядзець на месцы. Адпавядае свайму мужу і Вера Алексееўна, і сёння праяўляючы свой цвёрды, “настаўніцкі” характар.

Дарэчы, сям’я Якубовічаў – карэнныя, што называецца – у некалькіх каленах – кабрынчане. А яшчэ вось ужо больш за паўстагоддзя пастаянна выпісваюць “раёнку”, з’яўляюцца яе ўважлівымі і пільнымі чытачамі. За доўгія гады сумеснага жыцця выраслі дзеці, нарадзіліся ўнукі і праўнукі, а яны так і паглядаюць адзін на аднаго з самым шчырым, чыстым і сапраўдным каханнем. Нібыта і не было ўвогуле гэтых гадоў…

Дзмітрый Бялоў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *