Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар: “Інвестыцыі — прыярытэт эканомікі краіны”

Чацвёрты раз 12-13 красавіка наша вобласць гасцінна сустракала ўдзельнікаў Брэсцкага інвестыцыйнага форуму і выставы-кірмашу “Брэст. Садружнасць-2011”. У сёлетнім  мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзелавых колаў з 16 краін як блізкага, так і далёкага замежжа. Галоўная мэта —  пазнаёміць інвестараў з  эканамічным патэнцыялам рэгіёна, дзе ёсць высокакваліфікаваныя працоўныя рэсурсы, аптымальны мікраклімат для вядзення бізнесу. У межах інвестыцыйнага форуму з удзелам губернатара Брэстчыны Канстанціна Сумара ў мінулую сераду адбыўся рабочы візіт на Кобрыншчыну. Госці маглі азнаёміцца з магчымасцямі раёна і непасрэдна на месцы зрабіць адпаведныя вывады.

Першы пункт візіту – СТАА “ВП Палессе”. Як вядома, зусім нядаўна  флагман кобрынскай эканомікі наведваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, які ў цэлым пазітыўна ахарактарызаваў стан спраў на буйнейшым прыватным прадпрыемстве. Дырэктар “Палесся” Андрэй Гольцман падрабязна далажыў губернатару і гасцям горада аб тых пазітыўных зменах, якія адбыліся тут за мінулую пяцігодку. Прыемна здзівіўся наяўнасцю такой вытворчасці прадстаўнік консульскага пункта Манголіі ў Брэсце Балдабаатар Халтархуу. Ён выказаў спадзяванне, што падобнай прамысловасцю абавязкова будуць зацікаўлены мангольскія бізнесмены.

Таксама госці наведалі аквапарк, лядовую арэну, азнаёміліся з гістарычным цэнтрам Кобрына, яго сацыяльнай інфраструктурай, асаблівасцямі новага шлюза і гідраэлектрастанцыі ў гарадской мяжы,  пляцоўкай для будаўніцтва лагістычнага цэнтра. Прадстаўнік парламента Чэхіі Кацярына Конечна з задавальненнем адзначыла, што прамысловы сектар Кобрыншчыны сапраўды дынамічна развіваецца. Таксама яе прыемна здзівіла глабальная рэканструкцыя горада, чысціня яго  вуліц, асаблівы стыль устаноў сацыяльнай сферы, які ўжо сёння можна параўноўваць з еўрапейскім. Удзельнікі форуму наведалі выставу-прэзентацыю Кобрынскага раёна, дзе былі прадстаўлены стэнды з прадукцыяй і нагляднай агітацыяй мясцовых фірм і арганізацый.

Са змястоўным дакладам перад прысутнымі выступіў Канстанцін Сумар. Ён адзначыў, што Брэстчына ў цэлым з’яўляецца адным з найбольш перспектыўных рэгіёнаў для вядзення бізнесу ў Беларусі, паколькі з’яўляецца своеасаблівым фарпостам на мяжы Мытнага саюза. Акрамя гэтага, за апошнія два гады Прэзідэнтам і ўрадам краіны прыкладзены істотныя намаганні па рэфармаванні эканомікі, лібералізацыі заканадаўства. На новы віток свайго развіцця выйшаў заяўляльны прынцып “адно акно”. Спрошчана працэдура выдзялення зямельных участкаў, прыняты новыя льготы і прэферэнцыі ў свабодных эканамічных зонах і інш. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што інвестыцыйная стратэгія была і застаецца ў ліку прыярытэтаў для краіны. Ён выказаў спадзяванне, што такі форум дазволіць пашырыць кругагляд бізнесменаў, павысіць іх інфармаванасць, дапаможа абмеркаваць шматлікія пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Як паведаміў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, эканамічны патэнцыял Кобрыншчыны прадстаўлены 19 прадпрыемствамі лёгкай, хімічнай, харчовай, машынабудаўнічай і металаапрацоўчай прамысловасці. Іх тавары добра вядомыя ў розных краінах свету. У раёне працуюць 47 прадпрыемстваў з замежным капіталам — Германіі, Расіі, Кітая, ЗША і інш. На тэрыторыі Кобрыншчыны падрыхтаваны 17 зямяльных участкаў, якія могуць быць прадастаўлены інвестарам, выстаўлены на продаж акцыі 10 прадпрыемстваў рознага прызначэння, у тым ліку два – сельскагаспадарчага. Пры зацікаўленасці дзелавых людзей ёсць магчымасць рэалізаваць два маёмасныя комплексы – кансервавы завод і аўтабазу ААТ “Вадбудаўтратранс”.

Далей дэлегацыя накіравалася ў абласны цэнтр. Там разгарнулася выстава “Брэст. Садружнасць”. Усяго свае дасягненні ўвазе наведвальнікаў прадставілі больш за 180 буйнейшых і аўтарытэтных кампаній і фірм.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *