Свята медыцынскага работніка прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры

Лечаць сэрцы і ратуюць душы

Прафесія медыцынскі работнік – адна з найгалоўнейшых прафесій у свеце, бо што можа зрабіць інжынер, якіх вяршынь дасягнуць фізік, які мастацкі шэдэўр скласці паэт, не маючы здароўя?! Дзякуючы  залатым рукам людзей у белых халатах, іх чулым сэрцам, прафесіяналізму кожную хвіліну на зямлі ратуецца чыёсьці жыццё або нараджаецца новае. Гэтую думку агучыў у час святочнай імпрэзы з нагоды Дня медыцынскага работніка, якая адбылася  15 чэрвеня ў Кобрынскім Палацы культуры, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык.  Віншуючы медыкаў  з  прафесіянальным святам, Валянцін Васільевіч выказаў здавальненне станам развіцця Кобрынскай  цэнтральнай раённай бальніцы і падкрэсліў, што яе супрацоўнікі заслугоўваюць  найлепшых слоў падзякі.

Нястомная праца, павышэнне прафесіянальных навыкаў, клопат пра  здароўе жыхароў Кобрыншчыны – агульная першачарговая задача каля 2 тыс. чалавек, што складаюць медыцынскую суполку Кобрыншчыны, -адзначыў галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Мікалай Брашко.

Высокія ўзнагароды, а гэта граматы і пісьмы падзякі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта, Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў,  адміністрацыі бальніцы, ушанаванні на Дошку гонару ўстановы, якімі адзначыліся ў гэты святочны дзень супрацоўнікі бальніцы – ад вадзіцеляў, санітарак, медыцынскіх сясцёр  да ўрачоў вышэўшай катэгорыі, –  і ёсць сведчанне іх самаадданай працы на карысць здароўя кабрынчан.  Не абмінулі шчырыя словы падзякі  і ўзнагароды медыцынскіх работнікаў, якія не толькі ратуюць чалавечыя жыцці, а, сутыкаючыся па меры сваёй работы з такой праблемай, як пераліванне крыві пацыенту, даўно  папоўнілі кагорту донараў Кобрыншчыны.

Цёплую атмасферу, сардэчную ўрачыстаць, адчуванне свята дапамаглі стварыць прысутным у зале медыцынскім работнікам творчыя калектывы Кобрыншчыны. Гучаў духавы аркестр, захапляў сваёй віртуознай гульнёй на баяне дуэт “А-2”, ліліся чароўныя галасы  салістаў узорнай вакальнай студыі “Крыніца”,  Арцёма Хацімкі, здзіўлялі сваім артыстызмам і пластыкай  вопытныя ўдзельнікі  ансамбля народнай творчасці “Бурштын”  і маленькія выхаванцы  ўзорнай цыркавой студыі “Сонейка”. Прыемным сюрпрызам стала выступленне фіналісткі праекта “Ты супер” – выхаванкі Дзівінскага дзіцячага дома – Веры Ярошык, якое да слёз расчуліла прысутных  сваёй шчырасцю і адкрытасцю.

З добрым настроем пакідалі залу віноўнікі свята, абменьваючыся прыемнымі эмоцыямі і ціха абмяркоўваючы будзённыя рабочыя пытанні —  камусьці з іх ужо праз нейкую гадзіну трэба будзе заступіць на начное дзяжурства.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: узнагароджанне лепшых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *