На Кобрыншчыне ушанавалі лепшых мехаізатараў

Узнагароды знайшлі сваіх герояў

         У аптымальныя тэрміны быў завершаны першы ўкос траў. На нарыхтоўцы кармоў механізатары шчыравалі з ранку да вечара.

         Падзякаваць за старанную працу ў гаспадаркі, дзе былі вызначаны лідары на нарыхтоўцы кармоў, адправіўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук.

         Валянцін Марчук з ААТ “Пакроўскі” быў вызначаны як лепшы трактарыст, які сабраў 5887 тон зялёнай масы. Трактарысту з пятнаццацігадовым стажам падуладна любая тэхніка, ёсць і жаданне плённа працаваць. Таму Ліст падзякі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса і аблсяльгаспрода з грашовай прэміяй знайшлі свайго адрасата.

         Мікалая Якаўчука з ААТ “Кісялёўцы” мы засталі ў полі. За час першага ўкосу мужчына на трактары МТЗ агарнуў і згроб зялёнай масы з плошчы ў 522 гектары. Механізатар у гаспадарцы з 2000 года, і шчыруе не толькі ў полі, а, калі патрэбна, і ўгнаенне падвязе, і на ферме дапаможа. Раздзяліць прыемны момант  прыехаў старшыня гаспадаркі Мікалай Трафімук, які таксама адзначыў работніка за добрасумленную працу.

         Фёдар Гелемент з ААТ “Кутузаўскі”, які стаў лепшым ў раёне ў касьбе, больш за трыццаць гадоў працуе ў гаспадарцы, адзінаццаць з якіх – за баранкай трактара. А час ўборачнай прыйдзе –  камбайн перасядзе. Ён таксама ад зары да зары шчыраваў на палях, таму лепшы паказчык – вынік штодзённай няпростай працы.

         Першым на адвозцы кармоў стаў Руслан Дземчык з ДСУП “Сяльгас-Павіцце”, які на МАЗе перавёз з поля 1398 тон зялёнай масы. Мужчына працуе ў гаспадарцы ўсяго 2,5 месяца, але сваёй працавітасцю ўжо зарабіў аўтарытэт.   

 У час выканання прыемнай місіі Васіль Лазарчук інспектаваў і ўмовы працы работнікаў, у прыватнасці выкананне аднаго з самага важнага стандарта – забеспячэння двухразовым гарачым харчаваннем усіх работнікаў, занятых ў полі.

Людміла ПАШКОВІЧ.

ЗДЫМКІ аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *