Патрабуецца грунтоўны падыход!

Здавалася б – што цяжкага ў тым, каб у наш час памяняць пусты газавы балон? Між тым, калі такое  пытанне  паўстала ў жыхаркі  вёскі Мацы Валянціны Марчук, то цягнуць гэты балон ёй давялося аж да сярэдзіны вуліцы Жукава, у канцы якой і стаіць яе дом. Справа ў тым, што праехаць па грунтовай дарозе – а калі быць больш дакладным, па тым, у што яна ператварылася – здолее далёка не кожны аўтамабіль.

У гэтым мы пераканаліся на ўласным вопыце, калі на рэдакцыйным поўнапрывадным “УАЗе” паспрабавалі праехаць  да дома Валянціны Міхайлаўны. Асфальт, якім пачыналася вуліца Жукава, раптоўна скончыўся. І калі спачатку машына яшчэ спраўлялася з граззю і ямінамі, то апошнія сто метраў  да пункта назначэння давялося дабірацца пехатой – на шырыню ўсёй дарогі разлілася вялізная лужына невядомай глыбіні.

— Вось так і жывем, — падзялілася сваім горам Валянціна Марчук. – А ўявіце сабе, што тут  робіцца пасля моцнага дажджу… “Хуткая дапамога” праехаць не можа – ад месца, дзе заканчваецца асфальт, дактары шыбуюць сваім ходам. А на вуліцы, між тым, жывуць і інваліды, і  пенсіянеры – ды і малыя дзеці ёсць.

Як адзначыла Валянціна Марчук, па гэтым пытанні жыхары вуліц звярталіся і ў ААТ “Стрыгава”, і ў сельвыканкам. У адказ на звароты прыйшоў грэйдэр, паездзіў туды-сюды – ды і паехаў па  сваіх справах. Шчыра прызнацца, дарога ад гэтага лепшай не стала.  Ды і немагчыма вырашыць гэтую праблему адным грэйдзіраваннем – няўзброеным вокам відаць, што гэты ўчастак вуліцы  Жукава патрабуе да сябе значна больш грунтоўнага падыходу.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *