Прэзідэнт наведаў пагранзаставу ў вёске Дзівін Кобрынскага раёна

Рубяжы Радзімы  — пад надзейнай аховай.

  Шырокі спектр пытанняў аховы дзяржаўнай граніцы ў паўднёвым рэгіёне краіны быў разгледжаны ў час рабочага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па Брэстчыне. Распачалася паездка з наведвання пагранічнай заставы “Дзівін” Пінскага пагранатрада 1 чэрвеня.

   Каля інфармацыйных стэндаў, якія ілюстравалі асноўныя задачы і прыярытэтныя накірункі дзейнасці ваеннаслужачых ў зялёных пагонах, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, генерал-маёр Анатоль Лаппа далажыў кіраўніку краіны аб сітуацыі, якая складваецца на трыццацідвухкіламетровым участку  мяжы з Украінай. Шматузроўневая сістэма інжынерных збудаванняў адпавядае ўсім сучасным выклікам  і дазваляе надзейна падтрымліваць высокі ўзровень бяспекі на рубяжах Радзімы. Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся са стралковым узбраеннем, спецыяльнымі сродкамі, прыборамі начнога бачання і назірання, беспілотнымі лятальнымі апаратамі, сродкамі сувязі, у тым ліку і спадарожнікавымі, службовым транспартам, які ўключае ў сябе і ўзоры беларускага аўтапрама, як, напрыклад, браніраваны пазадарожнік “Volat”.

   Абсталяванне сучаснымі тэхнічнымі сродкамі аховы прывяло да зніжэння фактаў трансгранічнай супрацьпраўнай дзейнасці. Так, у 2017 годзе на ўчастку пагранічнай заставы затрымана 2 парушальнікі дзяржаўнай граніцы, 58  —  пагранічнага рэжыму, адзін парушальнік рэжыму граніцы і парушальнік міграцыйнага заканадаўства. Усяго ж з 2008 года ваеннаслужачымі заставы “Дзівін” быў прадухілены 71 выпадак перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 2 млн.692 тыс. 129 рублёў, затраманы 857 парушальнікаў пагранічнага заканадаўства. Значную дапамогу пагранічнікам аказваюць мясцовыя органы ўлады, грамадскасці і моладзі. Пры Дзівінскім сельвыканкаме арганізавана дабраахвотная дружына з 12 чалавек па ахове грамадскага парадку і аказанні дапамогі органам пагранічнай службы, на базе Дзівінскай сярэдняй школы з 17 навучэнцаў сфарміраваны клас юных сяброў пагранічнікаў. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў развітую сучасную інфраструктуру пагранічнай заставы, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў маі 2017 года. Тут створаны камфартабельныя ўмовы для нясення службы, пражывання ваеннаслужачых з сем’ямі. Пагранічны комплекс, які ўключае ў сябе шматкватэрны жылы дом, быў пабудаваны ў сціснутыя тэрміны, з максімальна эканомным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і з айчынных будматэрыялаў. Анатоль Лаппа далажыў Прэзідэнту, што на ўкраінскім напрамку трэба абсталяваць яшчэ шэсць падобных застаў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ходам работ па дэмаркацыі ўчастка граніцы з Украінай. Адпаведная работа вядзецца, і беларускі бок выконвае свае абавязацельствы паводле зацверджанага плану. 

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на сітуацыі на ўсходнім напрамку. Ён адзначыў, што недапушчальна ў рабоце беларускіх служб праяўляць фармалізм, а дзейнічаць патрэбна   рэзультатыўна і эфектыўна.

-Нам не трэба быць падобнымі на расіян. Яны самі не разумеюць, чаго жадаюць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Няхай вызначаюцца. А калі вызначацца – нам не праблема адказаць. Мы гатовы ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны жадаюць закрыць граніцу – калі ласка. Закрыюць – мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гатовы з намі, як з саюзнікамі, як з роднымі мець стасункі…А граніцы – гэта перажытак мінулага. Яны мала карысці даюць для зносінаў людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі.

Кіраўнік краіны даручыў вывучыць магчымасць пераразмеркавання асабістага саставу паміж арміяй і пагранічнай службай. Не абмінуў увагай кіраўнік дзяржавы і  знешнепалітычную сітуацыю, у тым ліку ва Украіне.

Пры наведванні пагранзаставы “Дзівін” Прэзідэнт у цёплай, па-сямейнаму добразычлівай атмасферы пагутарыў з пагранічнікамі і іх сем’ямі, адказаў на пытанні, якія паступілі ў яго бок. Цікава, што візіт Прэзідэнта супаў з Днём нараджэння жонкі начальніка пагранічнай заставы Сяргея Саўчука, Ксеніі. Яе Аляксандр Лукашэнка шчыра павіншаваў.

   Кіраўнік дзяржавы працягнуў свой візіт 2 чэрвеня. Ён наведаў Брэсцкую пагранічную групу.    

Раман МЕЛЬНІК.

Фота БЕЛТА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *