Апошні званок прагучаў для 654 выпускнікоў Кобрыншчыны

Здаецца, толькі ўчора яны нясмела пераступалі парог школы, баючыся адарвацца ад бацькоўскай рукі, а сёння ўжо не могуць стрымаць сваіх хваляванняў ад тых эмоцый, што выклікалі  шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў, выказаныя настаўнікамі  і бацькамі з нагоды заканчэння школы, ад рэха развітальнага званка, што  быццам ставіць апошнюю кропку  ў  бесклапотным дзяцінстве выпускнікоў  2018 года.

У сераду, 30 мая, развітальны званок сабраў на апошнюю лінейку 638 юнакоў і дзяўчат 11 класаў, сярод якіх 26 прэтэндэнтаў на залаты  і трое на сярэбраны медаль, а таксама 964 выпускнікі 9-х класаў Кобрыншчыны.

Павіншаваць з пераадоленнем першай важнай прыступкі ў сваім жыцці дзесяцярых выпускнікоў Стрыгаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў гэты ганаровы дзень акрамя адміністрацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Кавальчуком, настаўнікаў, бацькоў, прыехалі начальнік упраўлення адукацыі,  спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Галіна Радковіч, дырэктар ААТ “Стрыгава “  Ігар Масько, старшыня Тэвельскага сельвыканкама Іна Кузняцова.

 

Дабівацца пастаўленых мэт, пакараць новыя вяршыні, не спыняцца на дасягнутым, стаць годнымі грамадзянамі, здольнымі сваёй сумленнай працай праслаўляць краіну, але ніколі не забываць і не цурацца таго месца, дзе бяруць вытокі іх карані, дзе зроблены першыя крокі і пакладзены пачатак  вялікага шляху, – сваю малую радзіму   —  куточка, сапраўдную любоў да якога пачынаеш  разумець  толькі  з цягам часу, і безумоўна, тых, хто на працягу школьных гадоў быў заўсёды побач, выхоўваў у іх найлепшыя якасці,  дзяліўся сваімі ведамі і жыццёвым вопытам,  – пажадала юнакам і дзяўчатам Галіна Уладзіміраўна. Яна таксама перадала  прывітальныя віншаванні ад старшыні Кобрынскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, які хацеў уласна пазнаёміцца з вясковымі выпускнікамі, але, на жаль, па аб’ектыўных прычынах  не змог гэтага зрабіць.

Перададзены ў надзейныя рукі сімвалічны ключ ведаў, прыняты да ведама парады, выказаныя ў самастойную дарогу бацькамі і першакласнікамі, выпушчаны ў вялікую прастору паветраныя шары з бязмежнымі марамі ўчарашніх школьнікаў.  І заўтра ўжо ім  вытрымліваць іспыты, каб даказаць сабе і грамадству, што тыя веды, якія яны атрымалі ў сценах роднай установы, трывалыя і годныя для маладога грамадзяніна, у руках якога будучыня Радзімы.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: школьныя імгненні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *