«Чалавек года Брэстчыны» жыве ў Кобрыне

З клопатам аб прыродзе і людзях

У пачатку мая адбылося ўшанаванне пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і асоб, удастоеных ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны». Сярод уладальнікаў гэтага ганаровага звання — дырэктар ДУА “Кобрынскі эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва” Лілія Страчук, якая атрымала свой пачэсны тытул за высокія дасягненні ў рабоце і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Лілія Страчук – вядомая ў Кобрыне асоба. Яна карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод грамадскасці: ужо трэці тэрмін займае пасаду старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Тонкі псіхолаг, граматны біёлаг, справядлівы кіраўнік, адказны адміністратар, а яшчэ старанная гаспадыня, ласкавая жонка, маці, бабуля – усё сумяшчае у сабе гэтая прывабная, пазітыўная жанчына. Больш чым чвэрць стагоддзя яна займаецца выхаваннем экалагічнай культуры ў дзяцей у Кобрынскім эколага-біялагічным цэнтры спачатку як выкладчык, а апошнія 25 гадоў яшчэ і ў якасці кіраўніка. На яе вачах цэнтр прайшоў шлях ад невялікай станцыі юных натуралістаў да сучаснай установы дадатковай адукацыі, якая лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы.

– Экалогія – гэта навука аб доме, у якім мы жывем, і засвоіць яе павінен кожны, таму што ад гэтага залежыць здароўе нацыі, – лічыць Лілія Аляксандраўна. – Экалагічныя веды павінны прывівацца дзіцяці з першых гадоў жыцця, таму нашы аб’яднанні па інтарэсах працуюць на базе дзіцячых садоў і школ. Там выкладчыкі цэнтра праводзяць заняткі для дашкольнікаў і вучняў малодшых класаў. Увогуле ў нас займаюцца дзеці ад 6 і да 18 гадоў, якія цікавяцца прыродай, хочуць адкрыць для сябе яе таямніцы.

Сёння ў 82 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца больш за 956 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ставяць цікавыя эксперыменты і праводзяць даследаванні на актуальныя тэмы. У аб’яднаннях па інтарэсах “Юныя садаводы”, “Юныя арнітолагі”, “Кветкаводства”, “Агародніцтва” выхаванцы цэнтра атрымліваюць біялагічныя і сельскагаспадарчыя веды. Педагогі дапамагаюць дзецям знайсці сябе і сваё месца ў жыцці. Многія выхаванцы цэнтра становяцца навукоўцамі, біёлагамі, выкладчыкамі і даследчыкамі. На працягу 20 гадоў у цэнтры дзейнічае экалагічны тэатр “Вясёлка”, за час існавання якога юныя акцёры-эколагі рэалізавалі шмат цікавых творчых ідэй. Педагогі і навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у экалагічных форумах і праектах, буйнейшы сярод іх — міжнародны праект “Зялёныя школы”. Цэнтр — арганізатар такіх экалагічных акцый, як “Зялёнае свята”, “Дапаможам крылатаму сябру”, “Чысты бераг”, “Пасадзі дрэва Перамогі” і іншыя. На рахунку педагогаў і выхаванцаў установы шмат узнагарод, атрыманых у рэспубліканскіх конкурсах па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі, энергаэфектыўнасці, кветкаводстве і садаводстве. Таму і не дзіва, што ўзнагарода знайшла сваю гераіню менавіта тут, у царстве раслін і жывёл.

– Мая ўзнагарода – гэта вынік добрасумленнай працы ўсяго нашага калектыву, – упэўнена Лілія Страчук, – таму што разам з калегамі мы робім адну важную і сур’ёзную справу – выхоўваем у дзяцей любоў да прыроды, беражлівыя адносіны да навакольнага свету.

Да высокай узнагароды Ліліі Страчук дадалася ў гэтыя майскія дні і яе асабістая ўрачыстасць – прыгожы юбілей,сімвал сталасці і мудрасці, калі пройдзены шлях шчодра адарыў жыццёвым вопытам, а наперадзе чакае яшчэ шмат новых дасягненняў і поспехаў.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На здымку аўтара: уладальнік звання «Чалавек года Брэстчыны» Лілія Страчук.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *