Калі ў сям’і пануе лад: раённы конкурс-агляд “Лепшая шматдзетная сям’я года-2018” прайшоў на Кобрыншчыне

Уласнае жыллё, добрыя заробкі ды ўпэўненае становішча ў жыцці – менавіта гэтыя каштоўнасці не без падстаў часта кладуцца ў падмурак моцнай сям’і. Аднак не менш важнымі для сапраўднага сямейнага шчасця з’яўляюцца такія простыя рэчы, як узаемаразуменне, павага і шчырая любоў. Раённы конкурс-агляд “Лепшая шматдзетная сям’я года-2018” у чарговы раз даказаў — на Кобрыншчыне гэтыя сямейныя каштоўнасці заўсёды знаходзяцца на першым месцы.

— У нашай краіне прыкладваецца вельмі шмат намаганняў, каб інстытут сям’і ўмацоўваўся і развіваўся, і сённяшні дзень яшчэ раз падкрэслівае – менавіта гэта патрэбна нашаму грамадству, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Вельмі прыемна, што ў нашых сем’ях выхоўваюцца таленавітыя дзеці з вялікім пачуццём патрыятызму і высокай грамадзянскай пазіцыяй.


Дарэчы, менавіта патрыятычны накірунак стаў адным з галоўных на выступленнях канкурсантаў. Сем’і выходзілі на сцэну ў  касцюмах з нацыянальным каларытам, гучала сакавітая родная мова, гледачы частаваліся духмяным хлебам хатняй выпечки, а конкурсныя заданні змяняліся выступленнямі таленавітых кобрынскіх артыстаў. Усё гэта зрабіла конкурс-агляд сапраўдным сямейным святам, і падаравала прысутным шмат прыемных уражанняў. У гэта раз за права называцца лепшымі змагаліся чатыры шматдзетных сям’і – Андрэя і Святланы Курашык з Дзівіна, Андрэя і Наталлі Радзівіновіч з Кобрына, Міхаіла і Святланы Брыштэн з Павіцця, Віталія і Вікторыі Максімук з Кобрына. Прэтэндэнтам на перамогу патрэбна было прадставіць сваю візітную картку, прадэманстраваць творчыя здольнасці і прыняць удзел у вясёлым спаборніцтве, якое патрабавала не столькі асабістых паказчыкаў, колькі каманднага духу. Конкурс-агляд прайшоў пры шырокай падтрымцы спонсараў, якімі сталі Кобрынская РА РГА “Белая Русь”, Дзівінскі сельвыканкам, філіял “Кобрынскае УМГ” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, Драгічынскі лясгас, ДСУП “Сельгас-Павіцце”, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Кобрынскі ТЦСАН, парк імя А.В. Суворава, ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, Кобрынскі РАНС і «Піцца Італьяна». Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў – старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”, галоўны рэдактар раённай газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік ва ўрачыстай атмасферы ўручыў дыплом і падарункі ад спонсараў пераможцы фотаконкурса “Мая сям’я – шчаслівыя моманты” Вользе Чэрнік.

У гэты дзень апладысменты прысутных атрымалі ўсе без выключэня ўдзельнікі. Што ж датычыцца пераможцаў, то дыплом за ўдзел у конкурсе-аглядзе атрымала сям’я Максімук, трэцяе месца заваявала сям’я Курашык, другое – сям’я Брыштэн, а пераможцамі сёлета стала сям’я Андрэя і Наталлі Радзівіновіч з дзеткамі Ірынай, Ганнай і Аляксандрай, якія проста пакарылі гледачоў сваімі шчырымі сямейнымі адносінамі, яркай індывідуальнасцю і актыўным стаўленнем да жыцця.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На ЗДЫМКАХ аўтара: лепшая шматдзетная сям’я Андрэя і Наталлі Радзівіновіч;

моманты конкурса-агляда

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *