Мы ўдзячныя вам, ветэраны!

Старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Трубчык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук напярэдадні Дня Перамогі віншавалі ветэранаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гарадзецкага сельсавета.

Ураджэнец вёскі Грушава Рыгор Вышынскі сустрэў гасцей шчырай усмешкай. У свае 93 гады ён добра помніць, як у 1944 годзе трапіў на фронт. Выгрузка навабранцаў была ў Бяла-Падлясцы, адкуль хлопцы адправіліся ў разбураную вайной Еўропу. Рыгор Вышынскі служыў на I Украінскім фронце і за шэсць гадоў пабываў у Германіі, Аўстрыі, Венгрыі. Вярнуўшыся, працаваў у калгасе трактарыстам.

Міхаіл Трубчык і Васіль Лазарчук павіншавалі ветэрана, уручылі яму прывітальную паштоўку і падарункі.

Ветэран Андрэй Бобрык жыве ў вёсцы Падзяменне. На фронт яго забралі ў 1944 годзе. Служыў на I Беларускім фронце. Андрэй Логвінавіч добра помніць Дзень Перамогі, які сустрэў у Берліне.

Але заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны не стала заканчэннем службы. Андрэй Логвінавіч праслужыў у арміі да 1950 года. Затым некаторы час  працаваў на лесанарыхтоўцы ў Рэспубліцы Комі. Вярнуўшыся, працаваў у калгасе “Бальшавік” учотчыкам і паляводам, потым паштальёнам.

У гэты дзень цёплыя словы віншаванняў гучалі і ў адрас Марыі Гуц і Пятра Завадоўскага з вёскі Грушава.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Міхаіл Трубчык і Васіль Лазарчук віншуюць Рыгора Вышынскага.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *