У райвыканкаме: Праблемы вырашаюцца комплексна

Чарговае пасяджэнне райвыканкама, якое адбылося нядаўна, пачалося з падпісання пагаднення паміж райвыканкамам, раённым аб’яднаннем наймальнікаў і прафсаюзным аб’яднаннем. Як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, пагадненне павінна быць абавязковым для выканання ўсімі вышэйназванымі структурамі. Яго галоўная накіраванасць – абарона інтарэсаў чалавека працы.

У пасяджэнні райвыканкама прынялі ўдзел намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Міхаіл Дворак, начальнік УДАІ упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, начальнік аддзела па назіральна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Лабаеў і першы намеснік начальніка ўстановы “Брэсцкае абласное ўпраўленне Міністэрства па НС Рэспублікі” Беларусь Алег Лашко.

З дакладам па першаму пытанню парадку дня — аб рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Дзяржаўнай мэтавай праграмы развіцця пладаводства і аб мерах па далейшым забеспячэнні спажыўцоў гародніннай прадукцыяй айчыннай вытворчасці — выступіў намеснік старшыні райвыканкама Алег Гангала. Ён адзначыў, што ў раёне ажыццяўляўся паступовы пераход галіны на інтэнсіўныя тэхналогіі шляхам стварэння буйнатаварнага агародніцтва на базе дзвюх гаспадарак. Рэалізацыя мерапрыемстваў Праграмы дазволіла павялічыць вытворчасць агародніны з 3599 тон у 2006-м да 4055 тон у мінулым годзе.

У той жа час вытворчасць зялёнага гарошку па паказчыках мінулага года вырасла да 674 тон – што ніжэй штогадовага запланаванага ўзроўню. Нягледзячы на тое, што за гады рэалізацыі Праграмы была ўдасканалена тэхналогія вытворчасці цыбулі, у СВК “Батчы” заданне па яе вытворчасці было выканана толькі ў 2009-м годзе (187,5%). За астатнія гады гэты паказчык не перавышаў 95%. Для забеспячэння захавання сабранага ўраджаю гародніны ў СВК “Батчы” было пабудавана сховішча ёмістасцю 2050 тон. Аднак загрузка яго ў поўнай меры не ажыццяўляецца. У сувязі з гэтым было вырашана прызнаць работу СВК “Батчы” па вытворчасці гародніны недастатковай.

Аб ходзе выканання рэгіянальнай праграмы павышэння бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі раёна на 2009-2011 гады — выступіў начальнік АДАІ Кобрынскага РАУС Сяргей Бычкоўскі. Бяспека дарожнага руху – задача першачарговая. На высокім узроўні знаходзіцца інфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасць. Сумесна  з дарожнымі прадпрыемствамі супрацоўнікамі ДАІ было праведзена абследаванне аўтамабільных дарог – па выніку якога выдадзена 52 прадпісанні і 42 вусныя паведамленні, 21 асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

Па выніках аналізу дарожна-транспартных здарэнняў былі выяўлены так званыя “гарачыя кропкі” – месцы, дзе здарэнні як бы канцэнтруюцца. Сумесна з КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” гэтыя месцы ўключаны ў план мерапрыемстваў, які рэалізаваны  пры правядзенні рэканструкцыі вулічна-дарожнай сеткі. Як вынік – за мінулы год на гэтых месцах здарэнняў з траўматызмам не адбылося. На жаль, вострай праблемай застаецца выпуск на лінію транспартных сродкаў з няспраўнасцямі і допуск вадзіцеляў да работы ў стане алкагольнага ап’янення. Старшыня райвыканкама Мікалай Кенда звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю з бяспекай дарожнага руху ў сельскай мясцовасці.

Аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2010-2012 гады і рэалізацыі паўнамоцтваў назіральнай камісіі пры райвыканкаме ў аказанні дапамогі асобам, якія маюць судзімасць, у рэабілітацыі, а таксама ў працоўным і бытавым уладкаванні прысутным паведаміў начальнік Кобрынскага РАУС Максім Субота. Ён адзначыў, што сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы грамадска небяспечных дзеянняў супраць жыцця і здароўя – а таксама рэцыдыўнай, падлеткавай злачыннасці і карупцыі. Усё гэта дазволіла змяніць сітуацыю ў лепшы бок – колькасць зафіксаваных злачынстваў у параўнанні з першым кварталам 2010 года скарацілася больш чым на 40%. Стабільна ніжэйшым за абласны паказчык застаецца і каэфіцыент злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва. Асноўную ж масу злачынстваў на Кобрыншчыне, як і раней, складаюць крадзяжы.

З пытаннямі аб гатоўнасці суб’ектаў гаспадарання раёна да вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду і аб стане ўзроўню супрацьпажарнай абароны выбуховапажаранебяспечных аб’ектаў на тэрыторыі раёна выступіў начальнік Кобрынскага РАНС Леанід Панасюк. Ён паведаміў, што за мінулы год на тэрыторыі раёна адбыўся 31 пажар у экасістэмах – што на 16 пажараў менш, чым у 2009 годзе. На пасяджэнні быў зацверджаны  план асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага сезона і супрацьпажарнай абароне лясоў, тарфяных масіваў і сельскагаспадарчыў угоддзяў на 2011 год.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

кондиционеры для квартиры